Skip to main content

Малітва за Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта адбылася ў Навагрудку

nazaretanki  153 снежня, у першую нядзелю Адвэнту, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку. Падчас літургіі асаблівым чынам маліліся за Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у чарговую гадавіну яе заснавання.

На Імшы сабраліся таксама вернікі, каб сваімі малітвамі атачыць назарэтанак, якія служаць у нашай краіне. Маліліся і за ўсіх ахвярадаўцаў, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы якіх у апошні час удалося правесці рамонт унутры святыні.

На парозе Адвэнту біскуп Кашкевіч пажадаў усім сабраным, каб гэтае малітоўнае чуванне было нагодай да духоўнага абуджэння, пазбаўлення ад небяспечных ілюзій, нагодай да ўзмоцненай чуйнасці і большай адказнасці за сябе.

Іерарх заклікаў як мага лепш выкарыстаць гэты час, каб яшчэ больш наблізіцца да Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцы, і належным чынам падрыхтавацца да святаў Яго Нараджэння.

nazaretanki  10

Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта бярэ пачатак у 1873 г., калі Францішка Сядліская скіравалася ў Рым, дзе атрымала благаслаўленне папы Пія ІХ на сваю просьбу аб згодзе Пантыфіка на заснаванне новай манаскай супольнасці.

Першая супольнасць Кангрэгацыі паўстала ў Рыме ў 1875 г. Кожны год у першую нядзелю Адвэнту сёстры назарэтанкі адзначаюць гадавіну заснавання Кангрэгацыі і дзякуюць Богу за сваю манаскую сям’ю, узорам якой стала ўкрытае жыццё Езуса, Марыі і Юзафа ў Назарэце.

Францішка Сядліская прыняла ў новай манаскай сям’і імя Марыі ад Пана Езуса Добрага Пастыра і галоўнай мэтай супольнасці зрабіла адданасць Касцёлу і Святому Айцу, кампенсаванне Богу, жыццё любові і ахвяры, якое рэалізуецца праз правядзенне разнастайных апостальскіх спраў.

У Гродзенскай дыяцэзіі сёстры назарэтанкі служаць у Гродне, Навагрудку і Лідзе. Іх задачай сёння з’яўляецца абвяшчаць рознымі спосабамі праўду пра Бога, прысутнага сярод людзей, каб аднавілася сям’я і сямейнасць.

Яны робяць гэта ў адпаведнасці са сваім харызматам, які заклікае пашыраць Валадарства Божай любові сярод сябе і іншых праз наследаванне Езуса, Марыі і Юзафа, жыццё якіх было сканцэнтравана на любові да Бога і ўзаемнай любові.

Кс. Юрый Марціновіч