У Шчучынскім раёне ў адным з самых прыгожых касцёлаў краіны - у Старых Васілішках - паказалі вынік 4-гадовай працы рэстаўратараў. Аднаўлялі інструмент, які не гучаў з канца 1950-х, маскоўскія рэстаўратары - лютэранскі пастар Дзмітрый Лотаў, а таксама Уладзіслаў Іодзіс. Першапачаткова яны не маглі даць гарантыю, што інструмент загучыць у поўную моц. Тым не менш, ім удалося дакладна аднавіць барочны гук, які атмасферна супадае з энергетыкай вялізнага касцёла святых Пятра і Паўла.
У чэрвені гэтага года арган выдаў першыя пасля рэстаўрацыі гукі, а цяпер у ім дзейнічаюць ужо тры рэгістра. Гэтага дастаткова не толькі для выкарыстання інструмента падчас Імшы, але і для выканання досыць складаных твораў. Але праца майстроў будзе працягвацца. Цяпер шукаюць грошы на працяг рэстаўрацыйнага працэсу. Гэтым занятая мінская ініцыятыўная група - апякунская рада музея Чэслава Немэна, самага вядомага ўраджэнца вёскі. Узначальвае раду кінасцэнарыст Вера Савіна, якая была знаёмая са слаўным музыкам. Маторам працэсу рэстаўрацыі стала мастацтвазнаўца Таццяна Бембель - старшыня нацыянальнай камісіі Міжнароднай рады музеяў.
У Старых Васілішках засталося ўсяго два з паловай дзясяткі жыхароў. Многія з іх, а таксама госці з Мінска, 18 лістапада прысутнічалі ў святыні, дзе гучаў канцэрт арганнай музыкі нямецкіх аўтараў. Аказалася, што арган - гэта твор гамбургскіх майстроў Янцтонаў.
Паводле news.mail.ru