Skip to main content

„Жыць Евангеллем”: распачаўся І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі

rasp sinodu 1616 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне распачаўся І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі. Ён будзе праходзіць пад дэвізам "Жыць Евангеллем".

Мерапрыемства пачалося гімнам да Духа Святога, падчас якога шматлікія прысутныя духоўныя і свецкія асобы з усёй дыяцэзіі на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам заклікалі Яго аб кіраўніцтве і адпаведным святле, неабходным для распазнавання патрэбаў сучаснасці.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі адкрыцця Сінода, адзначыў, што гэта выключная і гістарычная падзея, мэта якой – ажывіць рэлігійнае жыццё ў Касцёле на Гродзеншчыне, умацаваць веру ў людзях, аднавіць вернасць спадчыне мінулага і адвагу позірку ў будучыню.

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі прачытаў дэкрэт біскупа Гродзенскага, які склікае І Сінод дыяцэзіі і ў якім таксама ўсе вернікі, якія ўтвараюць супольнасць Касцёла на Гродзеншчыне, заахвочваюцца да актыўнага ўключэння ў сінадальную працу і да малітоўнай падтрымкі гэтай ініцыятывы, такой патрэбнай для далейшага функцыянавання і развіцця дыяцэзіі.

У канферэнцыі “Роля і выклікі дыяцэзіяльнага Сінода для Касцёла на Гродзеншчыне” кс. канонік Антоні Грэмза, Генеральны сакратар Сінода, растлумачыў, чым з’яўляецца Сінод і якія яго задачы. Святар адзначыў, што практыка Сінодаў на нашай зямлі не новая. 25 разоў склікаліся і арганізоўваліся біскупамі Віленскімі Сіноды Віленскай архідыяцэзіі, якія датычылі найперш спраў укаранення пастановаў Сабору, патрэбаў лакальнага Касцёла, пачынаючы ад рэформы духавенства, душпастырскай дзейнасці да функцыянавання асобных касцёльных структур.

rasp sinodu 9

Ксёндз Антоні Грэмза звярнуў увагу, што апошні дыяцэзіяльны Сінод на нашай тэрыторыі адбыўся ў міжваенны перыяд, у 1931 г., у межах тагачаснай Віленскай архідыяцэзіі, да якой належала ўся тэрыторыя сённяшняй Гродзенскай дыяцэзіі акрамя Навагрудскага і Сапоцкінскага дэканатаў.

Генеральны сакратар адзначыў, што грамадскія змены і новая геапалітычная сітуацыя пасля ІІ Сусветнай вайны, выклікі ў абставінах паўстання ў 1991 г. новых структур Рыма-Каталіцкага Касцёла ў межах Рэспублікі Беларусь учынілі, што заснаваная св. Янам Паўлам ІІ рыма-каталіцкая Гродзенская дыяцэзія пасля 26 гадоў існавання апынулася перад патрэбай арганізацыі ўласнага Сінода, дастасаванага да рэчаіснасці часу і тэрыторыі, на якой пад кіраўніцтвам свайго Пастыра ўтварае, як партыкулярны Касцёл, частку Паўсюднага Касцёла.

“Сінод у святле сучаснага навучання Касцёла можна назваць свайго роду дыяцэзіяльнай Пяцідзясятніцай, а таксама часам чытання і распазнавання знакаў часу”, – дадаў кс. Грэмза.

У канферэнцыі было адзначана, што распазнанне патрэбаў дыяцэзіі і акрэсленне канкрэтнай праблематыкі Сінода павінна быць у першай яго фазе падрыхтоўкі, калі ўсе зацікаўленыя будуць мець магчымасць вылучыць уласныя тэмы і актуальныя пытанні для дыскутавання падчас сінадальных пасяджэнняў.

“Сабраныя на Сінодзе, кожны па-свойму, павінны паклапаціцца пра дабро дыяцэзіі, пра яе належнае заканадаўства, пра развіццё веры ўсяго Божага народу. Таму дабро дыяцэзіі з’яўляецца краевугольным каменем і вызначальным фактарам сінадальнай дзейнасці ўсіх удзельнікаў”, – падкрэсліў святар.

rasp sinodu 11

Мэта распачатага І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі – звярнуць увагу ўсіх, хто ўтварае гэты Касцёл, на супольнае дабро Касцёла на Гродзеншчыне. Такім супольным дабром, як напісаў біскуп Гродзенскі ў сваім пастырскім лісце на распачацце Сінода, будзе захаванне вернасці традыцыі мясцовага Касцёла і адкрыццё на знакі часу і новыя выклікі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Пакачайла