Skip to main content

Дыяцэзіяльная сустрэча членаў Колаў Жывога Ружанца адбылася ў Капцёўцы

kolazr 528 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы адбылася сустрэча членаў Колаў Жывога Ружанца Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел святары, законныя сёстры, адказныя і ўдзельнікі гэтага ружанцовага малітоўнага руху з розных месцаў дыяцэзіі.

Ужо па традыцыі сустрэча была арганізавана кс. Міхалам Ластоўскім, дыяцэзіяльным мадэратарам супольнасці Жывога Ружанца і кусташам санктуарыя ў Капцёўцы. Тут, як адзначыў святар, знаходзіцца “дыяцэзіяльная школа Марыі, дзе кожны мае магчымасць распавесці Маці Божай аб сваіх смутках і радасцях”.

Ружанец – сіла і моц чалавека

Сустрэча пачалася малітвай на ружанцы, якая прамаўлялася перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Удзельнікі маліліся найперш за ўсіх, хто належыць да гэтай ружанцовай супольнасці, якая існуе пры кожнай парафіі. Гэта ў першую чаргу жанчыны рознага ўзросту. Ёсць і крыху мужчын, якія кожны дзень адважна бяруць у рукі ружанец, аб малітве на якім прасіла падчас усіх сваіх аб’яўленняў у розных частках свету сама Марыя, і прамаўляюць вызначаныя для іх ружанцовыя таямніцы.

З канферэнцыяй на тэму „Моц ружанцовай малітвы ў святле фацімскіх аб’яўленняў” у межах сустрэчы выступіў кс. Юрый Павайба. Святар адзначыў, што з гэтай малітвы паходзіць вялікая моц і сіла для чалавека, які, молячыся з верай, у стане выпрасіць у Бога праз рукі Панны Марыі нават тыя рэчы, якія здаюцца немагчымымі.

Ксёндз Павайба падкрэсліў, што прамаўленне чарговых “Вітай, Марыя” ніколі не мучыць чалавека, але толькі набліжае яго да Бога, які праслаўляецца ў гэтай малітве.

“Прамаўляючы Ружанец, мы яшчэ больш усведамляем, што Пан Бог заўсёды побач з намі. Гэтая малітва дазваляе нам звярнуць увагу на прысутнасць Бога ў нашым жыцці”, – дадаў святар.

kolazr 21

Ружанец – паспяховая перадача веры

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. У гаміліі іерарх адзначыў, што “ружанцовая малітва – гэта позірк на збаўчую справу Езуса Хрыста вачыма Яго Маці”. Біскуп заклікаў, каб вернікі былі добрымі вучнямі ружанцовай школы веры, надзеі, любові.

“Вельмі цешуся, што традыцыя Жывога Ружанца і прысутнасць і парафіях ружанцовых колаў вельмі пашырана на нашых землях. Ружанец, хоць гэта і цяжкая малітва, застаецца, аднак, малітвай народнай, якую любіць наш народ. Не выпускайце ружанца з вашых рук, няхай ён застаецца той крыніцай сілы, на якую ўказвае Марыя”, – дадаў іерарх.

Пінскі ардынарый заклікаў, каб да практыкавання і штодзённага прамаўлення Ружанца старэйшае пакаленне заахвочвала дзяцей і моладзь. “Няхай яны бачаць ружанец у вашых руках! Гэтае прыгожае сведчанне застаецца ў памяці на ўсё жыццё і з’яўляецца паспяховай перадачай веры”, – сказаў біскуп.

На заканчэнне ўрачыстасці мадэратар супольнасці Жывога Ружанца кс. Міхал Ластоўскі падзякаваў усім удзельнікам гэтай сустрэчы, падкрэсліваючы, што ружанцовая малітва аб'ядноўвае ўсіх у адзіную сям'ю Божых дзяцей, якія лічаць Марыю сваёй Маці. Ад імя ўсіх прысутных святар выказаў віншаванні біскупу Дзям’янку, які ў гэты дзень адзначаў 37-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння.

Сустрэча членаў ружанцовага малітоўнага руху Гродзенскай дыяцэзіі скончылася супольным абедам, які традыцыйна прыгатавалі гасцінныя жыхары Капцёўкі.

Кс. Юрый Марціновіч