12 кастрычніка ў рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне былі ўнесены рэліквіі крыві св. Яна Паўла ІІ, Папы. Унясенне рэліквій адбылося падчас перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай, якая наведвае парафіі Гродзенскай дыяцэзіі. Як адзначыў кс. канонік Антоній Грэмза, рэктар святыні, час быў абраны невыпадкова. "Папа з'яўляўся вялікім шанавальнікам Марыі і прыкладаў шматлікія намаганні, каб наблізіць людзям таямніцу Фацімы", - падкрэсліў святар.
Урачыстую цырымонію і св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. "Св. Ян Павел II, прысутны сярод нас праз кроплю крыві, цалкам выканаў просьбу Пана - даверыў усё сваё жыццё Найсвяцейшай Панне Марыі. Папа з'яўляецца дасканалым прыкладам таго, як быць верным Маці Божай у радасныя і складаныя хвіліны жыцця", - адзначыў іерарх. У жыцці св. Яна Паўла ІІ меў месца замах, які адбыўся дакладна ў той жа час, што і першае аб'яўленне ў Фаціме - 13 мая ў 17 гадзін, з розніцай у 64 гады, што сведчыць аб яго глыбокай сувязі з Марыяй. Святы Айцец цудам перажыў сур'ёзнае раненне.
"Св. Ян Павел II дае нам цудоўную падказку, як наблізіцца да нашай Маці - выбраць свой уласны метад адгаворвання Ружанца: спакойна ці хутка, разважліва або часам блукаючы ва ўласных перажываннях. Галоўнае, размаўляць з Ёй", - дадаў напрыканцы біскуп.
Імша, у якой удзельнічалі шматлікія вернікі з мясцовых парафій завяршылася працэсіяй па касцёле. Пасля кожны меў магчымасць ушанаваць рэліквіі пацалункам.
Рэліквіі былі перададзены прадстаўнікам Гродзенскай дыяцэзіі 9 кастрычніка гг. кардыналам Станіславам Дзівішам, Мітрапалітам Кракаўскім на пенсіі і шматгадовым асабістым сакратаром св. Яна Паўла ІІ. Кс. Антоні Грэмза распавёў, што польска-беларуская мяжа была перасечана без перашкод і пажадаў сабраным, каб святы быў надзейным правадніком у жыцці кожнага з іх.
Ангеліна Марцішэўская