Skip to main content

Кананічная візітацыя адбылася ў лідскай парафіі Святой Сям’і

lidavizit 12

9 кастрычніка адбылася кананічная візітацыя парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Візітацыю, якую прадугледжвае Кодэкс кананічнага права, здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Прабыванне біскупа ў парафіі пачалося з малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці ў святыні, у якой прынялі ўдзел члены колаў Жывога Ружанца. Сустракаючыся з вернікамі, якія штодзённа моляцца Ружанцам у вызначаных Касцёлам інтэнцыях, іерарх падкрэсліў сілу і моц гэтай малітвы. Біскуп заклікаў да далейшай малітвы, асабліва ў інтэнцыі сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі.

Чарговым пунктам праграмы была сустрэча з дзецьмі парафіі. Дзеці з вялікай радасцю віталі пастыра дыяцэзіі, а на заканчэнне атрымалі пастырскае благаслаўленне.

У межах візітацыі біскуп сустрэўся таксама з моладдзю, якой асабліва акцэнтаваў патрэбу будавання свайго будучага жыцця на Божым фундаменце. Сустракаючыся ж з малітоўнымі групамі, якія існуюць пры парафіі, іерарх падзякаваў кожнаму за малітвы і трыванне пры Хрыстовым Касцёле і за служэнне праз гэта сваёй парафіяльнай супольнасці.

lidavizit 9

Кананічная візітацыя парафіі завяршылася святой Імшой з удзелам шматлікіх вернікаў, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці. Іерарх падзякаваў святарам і сёстрам законным за іх вялікі ўдзел у душпастырскай працы і за шматлікія пастаральныя праекты, якія рэалізуюцца пры касцёле. Таксама біскуп падзякаваў за будаўніцтва найперш жывой супольнасці, якая збіраецца на слуханні Божага слова і трывае перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Пробашч кс. канонік Юзаф Ганьчыц ад імя ўсіх, хто ўтварае парафію, падзякаваў біскупу за наведванне гэтай парафіяльнай сям’і і прасіў аб удзяленні пастырскага благаслаўлення, каб, умацаваныя ў веры, усе яны маглі разам ісці да канчатковай мэты кожнага чалавека.

Кс. Юрый Марціновіч