Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня адбылася пешая пілігрымка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў з Гродна і ваколіц у санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы.
Сёлетняя пілігрымка, якая адбылася 17 верасня, прайшла пад дэвізам “З Марыяй у новы навучальны год” і вырушыла раніцай з гродзенскага францішканскага касцёла.
Дзяцей і моладзь суправаджалі бацькі. Часта ішлі цэлымі сем’ямі. Усе пілігрымы неслі да трону Маці свае інтэнцыі і просьбы. Многія прасілі Бога праз Марыю аб тым, каб дасягнуць яшчэ большых поспехаў у вучобе.
Ішлі да Маці Божай і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія таксама прасілі аб Божым благаслаўленні ў новым навучальным годзе і давяралі ўсе свае патрэбы сэрца.
Традыцыйна пілігрымаў вітаў на Узгорку надзеі кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, які разам з парафіянамі штогод гасцінна адчыняе дзверы святыні і дома пілігрыма.
Вітаючы вернікаў, кусташ заахвоціў іх адкрыць свае сэрцы перад Марыяй і сказаць Ёй усё, што дыктуе сэрца. Святар заклікаў даверыць усё сваё жыццё – свой сённяшні і заўтрашні дзень – Пану Богу, які заўсёды з’яўляецца крыніцай усялякага дабра.
Кс. Юрый Марціновіч