27 жніўня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах (Ваўкавыскі дэканат) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі падзякі за 25 гадоў служэння сясцёр з Супольнасці Маці Божай Міласэрнасці ў гэтай парафіі і ў дыяцэзіі.
Сёстры прыбылі сюды 25 жніўня 1992 г. і распачалі апостальскую працу ў парафі разам са святарамі з Кангрэгацыi Св. Арханёла Міхала (міхаліты).
Падчас Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў манахіням за вялікі ўклад у развіццё Гродзенскай дыяцэзіі, за ўсе распачатыя ініцыятывы і штодзённае служэнне. Іерарх адзначыў, што служэнне сясцёр гэтай супольнасці ў дыяцэзіі спрыяе таксама развіццю культу Божай Міласэрнасці на нашых землях.
Біскуп выказаў асаблівую падзяку сястры Элігіі Арцемюк, якая служыць у Шылавічах з самага пачатку, 25 гадоў, абвяшчаючы пасланне Міласэрнасці сведчаннем кансэкраванага жыцця, учынкам, словам і малітвай.
Супольнасць Маці Божай Міласэрнасці заснавала маці Тэрэса (Ева з князёў Сулкоўскіх, графіня Патоцкая).
У гэтую супольнасць Бог паклікаў сястру Фаўстыну Кавальскую, праз якую перадаў прароцкае пасланне аб сваёй міласэрнай любові да кожнага чалавека, заклікаючы да абвяшчэння свету гэтай біблейскай праўды веры. 25 жніўня 1995 г. супольнасць прызнала с. Фаўстыну сваёй духоўнай сузаснавальніцай.
Рэалізуючы яе харызматычную місію, сёстры абвяшчаюць сёння таямніцу Божай Міласэрнасці праз сведчанне жыцця ў духу даверу Богу і міласэрнасці да бліжніх, праз справы міласэрнасці, слова і малітву.
Асаблівай задачай гэтай супольнасці з’яўляецца дапамога дзяўчатам і жанчынам, адкінутым грамадствам, якія маюць патрэбу ў глыбокім маральным аднаўленні. Дзейнасцю па прадухіленні дэмаралізацыі супольнасць ахоплівае таксама дзяцей і іншых людзей, якія маюць патрэбу ў маральнай падтрымцы і хрысціянскай міласэрнасці, без увагі на ўзрост і пол.
Таксама супольнасць пашырае культ Божай Міласэрнасці ў наступных формах: праз абвяшчэнне катэхез і казанняў, удзел у сімпозіумах і кангрэсах, удзел у парафіяльных набажэнствах праз спецыяльныя песні і малітвы, распаўсюджванне кніг, малітоўнікаў, абразоў Езуса Міласэрнага і карэспандэнцыю з шанавальнікамі Божай Міласэрнасці.
Сённяшняя Канстытуцыя супольнасці акрэслівае яе духоўнасць адным словам: міласэрнасць. Яно характарызуе стыль жыцця ўсяго інстытуту і кожнай сястры, якая павінна старацца рэалізоўваць сваё жыццё ў гэтым духу, гэта значыць “перамяніцца ў міласэрнасць” – як казала св. сястра Фаўстына.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Яўгеніі Бердзік