18 жніўня ў Гродна завітала юбілейная ХХV экуменічная пілігрымка Беласток – Гродна – Вільня, прымеркаваная да 90-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Вастрабрамскай. Сёлета разам з паломнікамі, якіх налічваецца каля чатырохсот чалавек, ідзе дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрых Цярэшка.
Угорадзе над Нёманам пілігрымы разам з мясцовымі вернікамі сабраліся на супольнай Эўхарыстыі ў пабернардынскім касцёле, дзе іх прывітаў пробашч парафіі кс. пралат Антоні Ханька.
З гаміліяй да сабраных звярнуўся адзін з духоўных кіраўнікоў паломніцтва кс. Павел Безляповіч. Святар прапанаваў разважаць дэвіз, пад якім крочаць пілігрымы - "Любі" (Мц 22, 37). Ён заклікаў вучыцца спаўняць гэтыя словы ў тых выпадках, калі нам гэта каштуе, бо любоў - ахвяра з самога сябе. "Няхай стомленасць, спякота і, часам, раздражнёнасць падчас шляху навучаць нас пераступаць бар'еры непрыемных сітуацый у нашай штодзённасці і любіць адзін аднаго нягледзячы ні на што. Любоў - гэта адзіная рэч, без якой чалавек не зможа пражыць, бо без яе не будзе мець у сваім жыцці нічога пазітыўнага", - падсумаваў кс. Павел.
За плячыма пілігрымы пакінулі тры дні шляху, а наперадзе засталося яшчэ шэсць. Перасякаючы тры краіны, яны традцыйна наведваюць усе касцёлы і цэрквы, якія сустракаюць на сваёй дарозе.
Сёлета вернікам спадарожнічаюць дванаццаць святароў, восем клерыкаў і пяць манахінь, а з Гродна да іх далучыцца яшчэ група пілігрымаў у сто чалавек. У выніку да Маці Божай Вастрабрамскай са сваімі просьбамі і падзякамі прыбудзе паўтысячы чалавек.
Дарэчы, сёння паломніцтва мае ўжо міжнародны характар: акрамя вернікаў з Беларусі і Літвы, якія штогод далучаюцца да пілігрымкі, у ёй ідуць хрысціяне з Нарвегіі, Швецыі, Чэхіі, Украіны і Расіі.
Даведка:
Абраз Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні з асаблівай павагай ушаноўваецца як каталікамі, так і праваслаўнымі хрысціянамі. Дарэчы, абраз Маці Божай у Вострай Браме адносіцца да рэдкага тыпу выявы Багародзіцы без маленькага Езуса на руках. Як лічаць мастацтвазнаўцы, Марыя намаляваная ў момант з’яўлення арханёла Гаўрыіла.
Ангеліна Марцішэўская