2 жніўня гродзенская парафія Маці Божай Анёльскай перажывала адпуставую ўрачыстасць тытула касцёла.
У гэты дзень шматлікія вернікі горада Гродна і ваколіц па традыцыі збіраюцца ў святыні айцоў францішканаў, каб атрымаць поўны адпуст. Так было і сёлета. Сабралася шмат парафіян і гасцей парафіі, якія прынялі ўдзел у св. Імшы, прыступілі да сакраманту пакаяння і прынялі Пана Езуса ў св. Камуніі.
Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх нагадаў гісторыю свята Маці Божай Анёльскай, якое бярэ пачатак у ХІІІ стагоддзі, часах святога Францішка, і звязана з маленькай капліцай, размешчанай у ваколіцах Асізі.
Спачатку капліца належала ордэну бэнэдыктынаў і насіла тытул Маці Божай з Даліны Язафата. Паводле традыцыі, яна была ўзведзена пілігрымамі, якія вярталіся са Святой Зямлі. У якасці рэліквіі яны змясцілі ў маленькай святыні груду зямлі з гробу Найсвяцейшай Панны Марыі. Праз нейкі час капліца была занядбана і паступова ператваралася ў руіны.
Перш чым стаць манахам, Францішак у перыяд сваіх духоўных пошукаў уласнаручна адбудаваў святыню і пасяліўся пры ёй. Менавіта там святы пачуў голас Езуса, які заклікаў пакінуць усё і ісці за Ім. Пад дзеяннем гэтых слоў Францішак апрануў хабіт і выйшаў на вуліцы Асізі абвяшчаць Божае слова.
У хуткім часе вакол Бедняка з Асізі пачалі збірацца іншыя браты, якія жадалі жыць у евангельскім убостве і прастаце. Яны пасяліліся пры маленькай святыні Маці Божай, якая стала іх першым кляштарам. Францішак надаў капліцы тытул Маці Божай Анёльскай, бо часта чуў у ёй спевы анёлаў.
Паводле традыцыі, аднойчы Францішак убачыў у капліцы Пана Езуса і Марыю ў атачэнні анёлаў. Езус спытаў Францішка, якую ласку ён хацеў бы атрымаць як узнагароду за руплівасць у збаўленні душаў. Францішак адказаў, што жадае, каб кожны, хто наведваў бы гэтую святыню і здзяйсняў шчырую споведзь, атрымліваў поўны адпуст. Езус адказаў, што ўдзеліць гэты дар пры ўмове, што з гэтым павінен згадзіцца Яго намеснік на зямлі – Папа.
Францішак неадкладна накіраваўся да папы Ганорыя ІІ і атрымаў такую згоду. У тыя часы гэта быў незвычайны адпуст, бо адпусты даваліся выключна за ўдзел у крыжовых паходах, за пілігрымкі на Святую Зямлю і ў іншыя важныя санктуарыі, за складанне значных грашовых ахвяраванняў на патрэбы Касцёла або іншыя надзвычайныя ўчынкі. Таму не кожны вернік меў магчымасць атрымаць такі адпуст, а Францішак, які атачаў вялікай любоўю і клопатам убогіх і выключаных з грамадства, жадаў адпусту, даступнага для ўсіх. Адзінай умовай для яго атрымання была шчырая споведзь, парыванне з грахом і прыняцце св. Камуніі.
Калі Папа спачатку вагаўся з зацвярджэннем такога незвычайнага адпусту, Францішак пераканаў яго, кажучы, што просіць аб гэтай ласцы не ад уласнага імя, але па даручэнні самога Пана Езуса. Пазней Папа пашырыў гэты адпуст на іншыя францішканскія касцёлы, а ў 1967 годзе папа Павел VI пастанавіў, што адпуст можна атрымаць у кожным парафіяльным касцёле пры звычайных умовах.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падчас урачыстасці ў гродзенскай парафіі адзначыў, што адпуст, атрыманы праз Бедняка з Асізі, застаецца вялікім дарам для вернага люду і ён такі ж важны і патрэбны сёння, як і восем стагоддзяў таму. “Паглыбімся сёння ў таямніцу Божай Міласэрнасці – у любоў Айца, якая з’яўляецца бязмежнай, безумоўнай, цалкам падоранай і якая ніколі не вычэрпваецца”, – дадаў іерарх.
Біскуп адзначыў, што адпуст Маці Божай Анёльскай часта называецца Святам прабачэння. “Спазнаючы Божае прабачэнне, мы перажываем вялікую, глыбокую радасць, адчуваем сябе яшчэ больш любімымі дзецьмі нашага Нябеснага Айца”, – падкрэсліў ардынарый.
Іерарх падзякаваў айцам францішканам за шматвекавую прысутнасць у святыні над Нёманам, праз якую яны верна рэалізуюць духоўны запавет Бедняка з Асізі, абвяшчаючы пасланне Божай міласэрнасці, прабачэння і паяднання.
Тэкст: Кс. Юрый Марціновіч
Фота: А. Павел Раманчук OFMConv