З 21 па 26 ліпеня ў Навагрудку праходзілі курсы-рэкалекцыі для сем’яў, якія арганізавала Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Сёлета ў духоўных практыкаваннях прымалі ўдзел усе жадаючыя з Беларусі: з Гродна, Ваўкавыска, Ліды, Брэсцкай вобласці, Маладзечна, Мінска і Мінскай вобласці, у тым ліку навучэнцы "Школы сямейнага жыцця" з Гродна і Мінска, а таксама тыя, хто ўжо працуе кансультантамі пры парафіях.
На працягу тыдня ўдзельнікі рэкалекцый слухалі канферэнцыі на тэмы: паняцце граху, да чаго ён вядзе і якія мае наступствы. Асаблівым чынам разважалі аб сямі галоўных грахах. Таксама вернікі даведаліся, як правільна рабіць рахунак сумлення і наблізіліся да таямніцы фацімскага паслання. Як найбольш запамінальную частку праграмы рэкалекцыянты адзначылі пункт "100 пытанняў да...", калі кожны меў магчымасць задаць арганізатарам пытанні на хвалюючыя тэмы.
На рэкалекцыях вялікая ўвага надавалася не толькі працэсу навучання, але і духоўнаму аспекту. Дзень распачынаўся малітвай, галоўнымі пунктамі дня была Эўхарыстыя і адарацыя. Штодзённа ў 15.00 праходзіла малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці, час для праслаўлення і падзякі Богу.
Традыцыйна вернікі прыязджаюць на гэтыя рэкалекцыі не толькі за новымі ведамі, але для адпачынку душы, чэрпаюць сілы ў Пана для далейшага жыцця, служэння і працы.
Немалаважным фактам з'яўляецца тое, што бацькі могуць цалкам пагрузіцца ў атмасферу духоўных практыкаванняў і прысвяціць свой час заняткам - на рэкалекцыях працуе няня, якая клапоціцца пра дзяцей.
Асаблівую падзяку ўдзельнікі курсаў выказваюць сёстрам назарэтанкам за атмасферу ўтульнасці, добразычлівасці і любові.
Ірына Мялешка
Фота Дзмітрыя Вайцяхоўскага