Паломніцтва да навагрудскіх сясцёр-мучаніц вырушыла раніцай 23 ліпеня. Вернікі на працягу сямі дзён будуць дзякаваць бласлаўлёным манахіням за складзеную ахвяру і маліцца ў інтэнцыі сямей Беларусі.
Перад стартам паломнікі сабраліся ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе да іх з гаміліяй звярнуўся духоўны кіраўнік пілігрымкі кс. Віталь Сідорка. Разважаючы над тэмай мучаніцтва сясцёр з Наварудка, святар адзначыў, што іх рашэнне аддаць жыццё за бліжніх не было мімалётным імпульсам, але вынікала з моцнага малітоўнага фундамента, які дазваляе рабіць адважныя крокі. "Так і мы падчас шляху будзем загартоўваць нашую веру, каб з яе дапамогай прымаць мудрыя і смелыя рашэнні ў сваёй паўсядзённасці", - падкрэсліў кс. Віталь.
Звычайна пілігрымка Гродна-Навагрудак збірае каля 50-і чалавек, але сёлета яна ўжо ў першы дзень налічвае звыш 70-і вернікаў. Самай малодшай удзельніцай паломніцтва з'яўялецца 7-гадовая Ангеліна Лукашэвіч, якую, дарэчы, вы маглі бачыць у адмысловых відэароліках нашага партала "Дзеці пра..." . У сваю чаргу старэйшым пілігрымам з'яўляецца спадарыня Яніна Усік, якая мае 63 гады.
Завяршыцца паломніцтва 29 ліпеня ў Батароўскім лесе на месцы мучаніцкай смерці сясцёр. Урачыстасці ў чарговую гадавіну расстрэлу манахінь узначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Даведка:
У ліпені 1943 г. у Навагрудку было арыштавана каля 120 мужчын, будучы сумны лёс якіх не выклікаў у людзей сумневаў. Настаяцельніца супольнасці сясцёр назарэтанак сказала тады кс. Аляксандру Зянкевічу, адзінаму ацалеламу ў акрузе святару: "Мой Божа, калі патрэбна ахвяра жыцця, няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем'і". 1 жніўня ў лесе за горадам манахіні былі расстраляныя, а мужчыны вярнуліся ў свае сем'і. Пасля вайны 19 красавіка 1945 г. целы сясцёр мучаніц былі перанесены і пахаваныя каля Белай Фары ў Навагрудку. 27 верасня 1991 г. іх рэліквіі перанеслі ў грабніцу ў бочнай капліцы касцёла. 5 сакавіка 2000 г. у Рыме адбылася беатыфікацыя 11 сясцёр назарэтанак.
Ангеліна Марцішэўская