Напэўна, многія чулі пра 11 благаслаўлёных сясцёр-назарэтанак з Навагрудка. Аднак, нашы веды на гэтым скончваюцца. Паспрабуем сёння прыглядзецца гісторыі адзінаццаці жанчын, якія былі расстраляны 71 год таму ў Батароўскім лесе.
Незвычайная гісторыя з’яўлення назарэтанак у Навагрудку
У верасні 1929 г. першыя прадстаўніцы Кангрэгацыі сясцёр св. Сям’і з Назарэту прыбылі ў Навагрудак. Неўзабаве ордэн сустрэўся тут з цяжкасцямі: манахіні проста не спадабаліся мясцоваму насельніцтву. Біскуп Лазінскі, Пінскі ардынарый і ініцыятар іх прыезду ў горад, сказаў:
“Навагрудак не пакідаць, трымацца на сваёй варце! Гэта Божая Воля і мая”.
Генеральная ігумення Ордэну тады напісала ў Навагрудак:
“Рашуча і цвёрда заставацца на сваім месцы – саступаць нельга, бо размова ідзе пра пра кляштар Хрыста Караля. Ён павінен перамагчы. А нам неабходна змагацца за Яго Валадарства і адважна прайсці праз усе выпрабаванні, бо вялікія справы там адбудуцца”.
Ніхто тады не разумеў прарочасці гэтых словаў.
У верасні 1930 г. сёстры адчынілі пачатковую школу, праз некалькі месяцаў – сярэднюю. Праз тры гады заняткі пачаліся ў новым будынку – сённяшнім кляштары. Таксама быў адрамантаваны касцёл, т.зв. Белая Фара. У Навагрудку назарэтанкі займаліся звычайнай душпастырскай дзейнасцю, такой жа, як на дзесятках пляцовак раскіданых па свеце.
Савецкая і нямецкая акупацыі
Пасля 17 верасня 1939 г. савецкія ўлады забаранілі назарэтанкам ужыванне хабітаў і супольнае жыццё ў кляштары. Сёстры сустракаліся толькі падчас св. Імшы і набажэнстваў. Белая Фара была ператворана ў магазін гаспадарчых тавараў. З прыходам на гэтыя тэрыторыі гітлераўскіх войскаў рэжым адносна назарэтанак быў паслаблены: хабіты і супольнае жыццё ў кляштары былі ізноў дазволены.
Гісторыя расстрэлу
Вясной 1942 г., у выніку дзенняў партызанаў, немцы страцілі кантроль над лясамі і некаторымі вёскамі ў наваколлі Івянца. Калі прыглядзецца карце, то бачна, што Навагрудак і Івянец раздзяляе Налібоцкая пушча. Усе галоўныя дарогі як бы абкружаюць гэты лясны масіў у якім актыўна дзейнічалі партызаны. У такім выпадку узмацненне тэррору ў навакольных мясцовасцях, у т.л. Навагрудку, з’яўляецца лагічным адказам немцаў.
Вечарам 31 ліпеня 1943 г. чалавек у цывільным выклікае назарэтанак у гестапа. 1 жніўня, на досвітку, 11 сясцёр назарэтанак разам з хлопчыкам, які хутчэй за ўсё раскопваў і закопваў яму, былі расстраляны ў Батароўскім лесе. Для скептыка гэтая гісторыя нагадае простае “патрапілі пад раздачу”, для гісторыка “расстрэл вядомых і нявінных асобаў дзеля застрашэння насельніцтва”, для савецкага чалавека “чарговае зверства фашыстоўскай гадзіны”. І толькі далікатныя могуць заўважыць у гэтым цуд.
Цуд для далікатных
Напярэдадні расстрэлу, ноччу з 17 на 18 ліпеня, у Навагрудку было арыштавана каля 120 мужчын, сумны лёс якіх не выклікаў у людзей сумневаў. С. Стэла, ігумення кляштару, сказала тады кс. Аляксандру Зянкевічу, адзінаму ацалеламу ў акрузе святару:
“Мой Божа, калі трэба прынесці ў ахвяру жыццё, дык няхай лепш расстраляюць нас, чым людзей сямейных. Мы молімся нават аб гэтым”. Пазней, калі кс. Зянкевіч быў у вышуку гестапа, у яго прысутнасці паўтарыла гэтыя словы:
“Божа мой, Божа, айцец капэлан нашмат больш патрэбнейшы на гэтым свеце за нас, па- гэтаму, калі ўжо патрэбна кагосьці ў ахвяру, дык давайце памолімся, каб Бог лепш узяў нас, чым гэтага святара."
Далейшую гісторыю сясцёр мы ведаем. Кс. Зянкевіч і 120 арыштаваных асобаў перажылі вайну.
Пілігрымка Гродна-Навагрудак. Цуды будуць.