7 ліпеня ў санктуарыі ў Тракелях пад дэвізам «Пасланне Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы — шлях да пакаяння» пачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.
У гэты дзень невялікае мястэчка зноў ажыло і прымае шматлікіх пілігрымаў, якія з розных бакоў Гродзеншчыны, іншых мясцін Беларусі і іншых краін пешшу або транспартнымі сродкамі прыбываюць да Маці Божай. Усе яны пілігрымуюць з нейкай канкрэтнай інтэнцыяй, усім ёсць што сказаць Панне Марыі, яны з’яўляюцца Яе дзецьмі і жадаюць даверыць Ёй сваё жыццё.
Варта адзначыць, што ў гэтым годзе самая вялікая група пілігрымаў, якая прыбыла ў санктуарый пешшу, - ХХ юбілейная пешая пілігрымка Іўеўскага дэканату. Прыйшлі да Маці Божай у пешых пілігрымках таксама вернікі з Гродна, Ваўкавыска, Навагрудка, Ашмянаў, Ліды, Воранава. Шмат людзей прыехала на машынах або на спецыяльных аўтобусах.
Гэта асаблівыя дні ў календары падзей Гродзенскай дыяцэзіі. Сёлета, калі Паўсюдны Касцёл перажывае 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай, вернікі жадаюць аднавіць свае пастановы, каб з малітвай і пакаяннем ісці праз жыццё. Яны жадаюць у гэтым месцы ўсвядоміць, што жыццё чалавека павінна быць нястомным працэсам навяртання да Бога, бо толькі з Ім можна добра пражыць гэтае жыццё.
Усіх гасцінна вітае ў брамах кусташ санктуарыя кс. Аляксандр Рудзевіч, які акрапляе пілігрымаў асвячонай вадой, а затым запрашае ў малую святыню, у цэнтры якой знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай. Трэба адстаяць у доўгай чарзе, каб зірнуць у вочы Найсвяцейшай Панны, бо пілігрымаў у гэтым годзе надзвычай шмат.
Перш чым настане гэтая сустрэча з Марыяй, кожны пілігрым, стоячы ў чарзе, мае магчымасць прыгадаць свае інтэнцыі і засяродзіцца ў думках. “Я прыехала сюды разам са сваёй сям’ёй з Гродна, бо не ўяўляю сабе, каб у такі важны дзень забыцца пра гэты санктуарый і пра Маці Божую, якая кожнага з нас тут чакае і жадае паглядзець на нас сваім мацярынскім позіркам”, – дзеліцца Станіслава Мацкевіч. Жанчына адзначае, што кожны год пілігрымуе сюды, бо хоча “духоўнага зараду і падтрымкі з вышыняў”.
Сустрэча з Маці Божай змяняе жыццё чалавека. Менавіта ў пілігрымцы чалавек пачынае іншым – Божым – позіркам глядзець на сваё жыццё, на свае крокі.
Маладая дзяўчына Вераніка Карповіч, якая пяць дзён ішла пешшу ў гродзенскай пілігрымцы і была ў службе парадку, адзначае, што варта было прысвяціць гэты тыдзень, каб перажыць незабыўную прыгоду з Богам. “Менавіта падчас пілігрымкі пачынаеш зусім інакш глядзець на сваё жыццё і на розныя праблемы, якія перажывае кожны чалавек”, - кажа яна.
Спецыяльным госцем сёлетніх урачыстасцяў у Тракелях стаў арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч, які ўпершыню наведвае гэтае асаблівае месца Гродзеншчыны. Іерарх прыбывае па запрашэнні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, каб узначаліць святую Імшу апоўначы і звярнуцца да ўдзельнікаў урачыстасцяў з гаміліяй.
Няхай гэты час сустрэчы з Маці, які пілігрымы праводзяць у Тракелях, будзе для кожнага благаслаўленнем! Няхай ён зменіць жыццё ў лепшы бок і дапаможа з верай, любоўю і надзеяй уваходзіць у будучыню!
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая