4 чэрвеня пробашч касцёла свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі кс. Ян Гавэцкі арганізаваў велапрабег пад дэвізам "Дзеці Іўя за жыццё і супакой", у якім прынялі ўдзел хлопцы і дзяўчаты самага рознага ўзросту. Хтосьці кіраваў сучасным дарослым роварам, а хтосьці - зусім невялікім. Самы малодшы з удзельнікаў - трохгадовы, ехаў у дзіцячым крэсле ровара, кіравала якім ягоная мама. Да дзіцячага велапрабегу далучыліся бацькі і кс. Ян.
Спартыўная працэсія з рознакаляровымі шарамі, песнямі і адмысловымі слоганамі праехала па вуліцах горада, напаўняючы яго радасцю і ўсведамленнем таго, што юнае пакаленне з дапамогай сваіх настаўнікаў выбірае сваімі прыярытэтамі здаровы лад жыцця, супакой у свеце і добрыя справы.
На заканчэнне перад удзельнікамі велапрабегу выступілі кс. Ян, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Іўеўскага РАУС Віталь Сініца, фельчар-валеолаг Іўеўскага райЦГЭ Марына Кевра.
Іх выступленні тычыліся прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў, траўматызму, здаровага ладу жыцця, умення жыць у згодзе з сабой і бліжнім.
Напрыканцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі велапрабегу атрымалі падарункі - марозіва і прысмакі.
Як адзначыў кс. Ян, гэтае мерапрыемства ўжо стала традыцыяй і праходзіць дзякуючы ўдзелу АДАІ Іўеўскага РАУС, супрацоўнікі якога заўсёды суправаджаюць удзельнікаў велапрабегу.
Святар падзякаваў Іўеўскаму райвыканкаму, аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі за разуменне і падтрымку ў арганізацыі гэтага мерапрыемства.
Тэкст: Вера Гулідава
Фота: Слава Зянкевіч