13 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Струбніцы адбыўся парафіяльны адпуст св. Антонія Падуанскага. На ўрачыстасць у невялікую парафію з’ехалася шмат гасцей, якія прыбылі, каб праз заступніцтва вялікага апекуна ўзнесці свае просьбы да Бога.
Сёлетнія адпустовыя ўрачыстасці ўзначаліў дэкан Мастоўскага дэканату кс. Віктар Ханько. Свята завяршылася па традыцыі эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.
Святы Антоні вядомы многім як апякун у пошуку згубленых рэчаў. Калі чалавек штосьці згубіць і доўгі час не можа знайсці, то звяртаецца да гэтага святога.
Цяжка сказаць, адкуль пайшоў звычай прасіць св. Антонія аб дапамозе ў пошуку згубленага. Магчыма, справа ў тым, што як знакаміты прапаведнік, які з вялікім запалам і руплівасцю прамаўляў казанні, ён дапамагаў людзям знаходзіць страчаныя духоўныя каштоўнасці.
Яго палымяныя казанні ўзрушалі мноства людзей. Запал, з якім ён казаў аб небе, і шматлікія цуды, якімі Бог пацвярджаў яго словы, збіралі ля яго велізарныя натоўпы. Святы Антоні мусіў прамаўляць казанні на плошчах, бо ніводны касцёл не мог змясціць слухачоў.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Уладзіслава Мігдалёнка, http://byvladus.blogspot.com.by/