13 чэрвеня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная) адбылася прыміцыйная святая Імша кс. Андрэя Белаблоцкага. Эўхарыстыя цэлебравалася ў асаблівы для парафіяльнай супольнасці дзень – фацімскі. Перад Імшой вернікі маліліся Ружанец, а пасля Імшы ўдзельнічалі ў працэсіі са свечкамі, у якой неслі фігуру Маці Божай Фацімскай.
На ўрачыстасці сабралося духавенства і свецкія вернікі.
Вітаючы прысутных, пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк адзначыў, што прыміцыйнае благаслаўленне, якое новапрэзбітэр удзеліць вернікам, яны ўспрымаюць як вялікі дар і ласку, патрэбную для штодзённага ўзрастання.
У гаміліі кс. Андрэй Белаблоцкі адзначыў, што сваім святарствам і пакліканнем удзячны Панне Марыі, бо выхоўваўся і выспяваў да прыняцця рашэння паступіць у семінарыю пад чулым вокам Маці Божай Кангрэгацкай, што завецца таксама Студэнцкай. Роднай парафіяй святара з’яўляецца гродзенская катэдральная.
Новапрэзбітэр дадаў, што Маці Божая вядзе яго праз усё жыццё. Асабліва адчуць гэта і спазнаць Яе прысутнасць ён мог тады, калі скіраваўся на місіянерскую практыку ў Бразілію.
Святар заахвоціў усіх часта звяртацца ў розных справах цела і душы да Панны Марыі, бо Яна заўсёды выслухоўвае кожнага і працягвае руку дапамогі.
На заканчэнне ўрачыстасці моладзь зарачанскай парафіі выказала сардэчныя віншаванні новаму святару, каб ён з адвагай і ўпэўненым крокам ішоў да людзей, да якіх быў пасланы. А пасланы новапрэзбітэр дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на служэнне ў гродзенскую парафію Святога Духа ў маладым мікрараёне Альшанка.
Кс. Юрый Марціновіч