Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць св. Антонія ў Адэльску: працягнуць рукі тым, хто мае ў іх патрэбу

adelsk  3213 чэрвеня ў Адэльску, роднай парафіі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, адзначылі адпуст св. Антонія, на які з’язджаюцца вернікі з навакольных парафій.

Гэты адпуст ужо шмат гадоў збірае мноства людзей, якія едуць сюды, каб праз заступніцтва вялікага святога даверыць Богу свае цяжкія справы. Так было і сёлета. Нягледзячы на не вельмі добрае надвор’е, на пляцы перад касцёлам, дзе быў устаноўлены алтар, сабраліся шматлікія святары і вернікі.

Для Адэльска характэрна тое, што тут старанна захоўваюцца традыцыі і звычаі. Таму многія людзі, якія ўжо даўно выехалі адсюль, абавязкова ў дзень адпусту наведваюць сваю родную святыню, моляцца ў ёй і запальваюць свечку.

Сёлетнюю ўрачыстасць узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Таксама падчас святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, падкрэсліў, што такая шматлікая прысутнасць вернікаў на парафіяльным адпусце – сведчанне таго, што яны прыходзяць, каб “прасіць гэтага вялікага святога аб дапамозе не толькі тады, калі мы згубілі партфель ці ключы, але і тады, калі мы губляем “рэчы” нашмат больш каштоўныя, такія, як веру, сэнс, любоў, надзею”.

Святар заахвоціў, каб кожны вучыўся ў святога Антонія працягваць рукі тым, хто мае ў гэтым патрэбу, без увагі на свой узрост, род дзейнасці, матэрыяльны стан – гэта не мае значэння, бо важнае заўсёды сэрца. Тады, напэўна, кожны ўбачыць, што свет можа быць лепшы.

Менавіта гэтаму вучыць усіх сучасных людзей гэты святы, які жыў на пачатку ХІІІ ст., калі вельмі хутка развіваліся гарады і гандаль, а з іншага боку ўзрастала колькасць людзей, абыякавых да патрэбаў іншых.

“Таму, дапамагаючы іншым, можна адкрыць тое, што сапраўды з’яўляецца ў жыцці важным і на чым варта засяродзіцца. Мы пераканаемся, колькі шчасця ў наша жыццё ўнясе працягванне рукі дапамогі камусьці патрабуючаму і як гэта можа змяніць наша жыццё і жыццё таго чалавека, які апынуўся ў патрэбе”, - адзначыў кс. Юрый Марціновіч.

adelsk  35

Урачыстасць па традыцыі завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй праз мястэчка. Абраз святога Антонія несла моладзь, якая ў гэты дзень была ўзбагачана дарамі Духа Святога. Для яе гэта была першая магчымасць пасля пакідання Вячэрніка засведчыць аб Хрысце, бо менавіта да гэтага яна была паклікана праз прыняцце сакрамэнту канфірмацыі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне ўрачыстасці падзякаваў усім прысутным за любоў да Касцёла і за распаўсюджванне культу св. Антонія, бо слушнай рэччу з’яўляецца клікаць святых на дапамогу. Іерарх нагадаў таксама вернікам, што гэты год выключны для Паўсюднага Касцёла, бо прыпадае 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме.

Біскуп дадаў, што фацімскае пасланне актуальнае і сёння і скіравана да кожнага чалавека. “Пойдзем з малітвай, асабліва ружанцовай, праз жыццё. Будзем таксама чыніць пакаянне і навяртаць свае сэрцы да Пана”, - сказаў іерарх.

Потым вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі свайго святога апекуна праз уцалоўванне.

JM