22 мая ў будынку Гродзенскай курыі прайшла сустрэча катэхетаў дыяцэзіі. Падчас сустрэчы быў падсумаваны 2016-2017 катэхетычны год у дыяцэзіі. Сустрэча стала часам абмену досведам, вынесеным з катэхізацыі дзяцей і моладзі, і роздуму над пройдзеным перыядам, a таксама вызначэннем планаў на будучыню.
На сустрэчу прыбылі святары, сёстры законныя і свецкія катэхеты.
Удзельнікі выслухалі два рэфераты. У першым пад назвай “Святое Пісанне – крыніца і фундамент катэхезы” кс. д-р Аляксандр Мацкевіч, натарыус Гродзенскай курыі, прадставіў кароткі гістарычны нарыс праблематыкі месца і значэння Святога Пісання ў катэхезе, з тлумачэннем паслясаборнага разважання ў святле афіцыйных дакументаў Касцёла.
Таксама святар прадставіў метадалагічныя ўказанні належнага выкарыстанна Святога Пісання ў катэхезе і прывёў прыклады найбольш распаўсюджаных памылак у гэтай вобласці.
Другі рэферат пад назвай “Роля катэхезы ў працэсе рэлігійнага выхавання” прадставіў а. доктар Андрэй Шчупал CSsR – дырэктар аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі. Святар адзначыў, што мэта катэхетычнай працы – зрабіць чалавека хрысціянінам.
Па словах дакладчыка, катэхет – гэта чалавек пакліканы і пасланы. “У пакліканні і пасланні катэхета мы бачым місію, якая паходзіць ад Хрыста. Ён дае сілы для пераадолення пагрозаў і цяжкасцяў і аберагае перад сумненнем і адмаўленнем, калі надыходзяць цяжкія хвіліны”, - дадаў а. Шчупал, падкрэсліўшы, што катэхеты стаяць перад цяжкім і сур’ёзным выклікам. Святар адзначыў, што трэба прыкласці ўсе намаганні ў выхаванні чалавечай асобы ў кірунку яе канчатковай мэты, а адначасова яе дабра.
Сустрэча катэхетаў завяршылася святой Імшой у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Іерарх выказаў падзяку ўсім тым, якія працуюць на полі катэхізацыі, за чарговы год адданага служэння і адзначыў, што гэта вялікая і адказная задача, якая ляжыць на кожным катэхеце.
Кс. Юрый Марціновіч