21 мая ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Зэльве адбыліся ўрачыстасці 25-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння пробашча гэтай парафіяльнай супольнасці кс. Яцэка Маркеля CMF. Святар усе гэтыя гады служыць у Зэльве і з’яўляецца членам супольнасці місіянераў кларэтынаў.
Місіянеры кларэтыны праводзяць жыццё разам на ўзор супольнасці апосталаў, якія імкнуцца дасгнуць евангельскай дасканаласці, наследуючы Езуса Хрыста праз практыкаванне евангельскіх парадаў.
Асаблівасць кларэтынаў – гэта быць місіянерамі, якія цешацца заступніцтвам і аддаюць асаблівую пашану Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі. На святой Імшы падзякі сабралося шмат людзей, якія прыбылі, каб дзякаваць Богу за ахвярнае і адданае служэнне гэтага святара, які прысвячае сябе дзецям, моладзі і старэйшым людзям парафіі. Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які таксама скіраваў падзяку юбіляру.
Іерарх падзякаваў святару за ўсе гады прыгожага служэння ў Хрыстовым Касцёле і ў малітве прасіў для яго дароў Духа Святога і патрэбных ласкаў на далейшыя гады служэння. “Няхай Пан умацоўвае Тваё сэрца сваёй вернай прысутнасцю, адкрывае яго для іншых і напаўняе сваёй бясконцай любоўю”, - пажадаў біскуп.
Шмат цёплых пажаданняў было скіравана ад вернікаў розных пакаленняў свайму душпастыру. Дзякавалі дзеці і моладзь за тое, што святар заўсёды мае для іх час і з’яўляецца для іх сапраўдным правадніком і аўтарытэтам. Дзякавала і старэйшае пакаленне за прыклад малітвы і святарскай руплівасці. Дзякавалі прадстаўнікі мясцовай улады за канструктыўны дыялог і служэнне на карысць усяго раёна.
Таксама ў гэты дзень біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гэтай парафіі, парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Нястомнай Дапамогі ў Ізабэліне і парафіі Св. Елізаветы Венгерскай ў Падароску.
Маладых людзей іерарх заклікаў станавіцца кожны дзень усё больш свядомымі членамі Касцёла, каб з вялікай верай і адвагай ісці па шляхах сучаснага свету.
Урачыстасць завяршылася супольнай агапай пры касцёле, падчас якой вернікі маглі пачаставацца слодычамі і паслухаць музыку ў выкананні мясцовай капэлы.
Кс. Юрый Марціновіч