20 мая ў парафіі Cв. Міхала Арханёла ў Смаргоні прайшла агульнабеларуская салезіянская ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў. На свяце адбылася яшчэ адна значная падзея – біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці, адзначыў 25-годдзе манаскага жыцця.
На юбілейную ўрачыстасць прыбылі шматлікія прадстаўнікі салезіянскай сям’і з розных гарадоў Беларусі, а таксама з Расіі, Польшчы, Італіі. Разам з біскупам Аляксандрам адсвяткаваць сярэбраны юбілей прыехалі яго аднакурснікі з-за мяжы. На св. Імшу прыбылі таксама прадстаўнікі свецкай улады.
Біскуп Аляксандр узначаліў урачыстую Эўхарыстыю і ахвяраваў яе за ўсю салезіянскую сям’ю Беларусі і тых краін, з якіх паходзяць юбіляры.
Звяртаючыся да вернікаў з Божым Словам, біскуп Аляксандр адзначыў: “Евангелле – гэта вялікі дар, які мы атрымліваем падчас кожнай св. Імшы”. Ён таксама вылучыў тры асноўныя моманты ў евангельскім апісанні вяселля ў Кане Галілейскай: дыялог Марыі з Езусам пра недахоп віна, дыялог Марыі са слугамі і дыялог Езуса са слугамі. “Важна памятаць пра тое, што ёсць Маці тых, хто верыць ў Езуса і тых, хто ахрышчаны Духам Святым – гэта Маці Касцёла, Успамога Хрысціянаў, якая ніколі не старэе і не памірае”, – адзначыў іерарх.
Затым сабраты-салезіяне аднавілі перад Богам абяцанні да канца жыцця трываць у манаскай паслухмянасці, убостве і чыстасці. Пасля адбыліся святочныя віншаванні юбіляраў.
Напрыканцы святары-юбіляры, якія прыехалі ў Смаргонь першы раз, падзяліліся сваімі ўражаннямі: “Гэта вельмі цудоўная ўрачыстасць. Дзякуючы ёй мы змаглі перажыць выключнае 25-годдзе манаскага жыцця. Мы ўсе ўражаны вялікай адкрытасцю сэрцаў вернікаў гэтай супольнасці. Часта здаралася чуць пра Смаргонь ад сабратоў, якія з намі былі. А зараз мы ўбачылі, як сапраўды прыгожа тут. Вельмі адчуваецца любоў і павага да ксяндза Боско і да салезіянаў”.
Пасля малітвы і супольнага абеду адбылася святочная салезіянская праграма ў амфітэатры ў гарадскім парку, дзе адбыўся розыгрыш латарэі. Каштоўнымі прызамі сталі электронная кніга, планшэт, ровар і шмат іншых рэчаў.
Свята скончылася словам біскупа-юбіляра і бласлаўленнем праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў.
Паводле sdb.by