Skip to main content

Духавенства Гродзенскай дыяцэзіі павіншавала біскупа Аляксандра Кашкевіча з днём імянін

imianiny biskup 13 мая святары і сёстры законныя Гродзенскай дыяцэзіі сабраліся ў Гродне на сваім традыцыйным дні духоўных сустрэч. Удзельнікі выслухалі канферэнцыі, трывалі на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Заканчэннем сустрэчы была святая Імша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Духоўныя асобы і свецкія вернікі асаблівым чынам маліліся за свайго ардынарыя, які ў гэты дзень адзначаў імяніны.

Гамілію падчас Імшы прамовіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх прысвяціў сваё разважанне Найсвяцейшай Маці, заступніцтва якой вернікі асабліва просяць у месяцы маі. Таксама біскуп адзначыў, што сёлетні май выключны, бо ў гэты час прыпадае стагоддзе фацімскіх аб’яўленняў.

„Марыя ідзе да сваіх дзяцей, каб прывесці іх да Сына. Просіць аб навяртанні і паяднанні пад сцягам Яе Сына. Папярэджвае і асцерагае, каб Яе дзеці не аддаляліся”, - сказаў іерарх.

Па словах біскупа, у сённяшнім свеце, поўным падзелаў і неспакою, трэба прасіць Панну Марыю аб міры ў чалавечых сэрцах і ў кожнай сям’і і супольнасці.

imianiny biskup 8

„Сёння нам патрэбна паяднанне, а не падзел, і ўсё для таго, каб перамагчы ў барацьбе супраць ворагаў Хрыстовага Касцёла пад плашчом Маці, поўнай міласэрнасці, і сцягам нашай Каралевы”, - дадаў іерарх.

Звяртаючыся да біскупа Аляксандра Кашкевіча, іерарх пажадаў, каб “наша Каралева Марыя падтрымлівала ў абароне веры і хрысціянскай маральнасці на нашай зямлі, каб не загінуў народ наш, каб не шукаў свайго, але трымаўся Божага”.

На заканчэнне Імшы ад імя святароў віншаванні біскупу выказаў кс. канонік Генрык Яблонскі, дэкан гродзенскага катэдральнага капітула, а таксама прадстаўнікі кансэкраваных асобаў, Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.

„Дзякую Пану Богу за дар паклікання і святы хрост, які ўводзіць у супольнасць Касцёла. Дзякую за сваіх бацькоў і хросных, якія перадалі мне веру”, - з гэтымі словамі біскуп Кашкевіч звярнуўся да ўсіх прысутных. Іерарх дадаў таксама, што месяц май для яго мае асаблівае значэнне, бо 30 мая 1976 г. ён прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, а 23 мая 1991 г. – біскупскае.

Урачыстасці завяршыліся супольным абедам у сталовай семінарыі.

Тэкст: кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Пакачайла