29 красавіка ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас святой Імшы ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымала больш за 120 чалавек.
На пачатку Імшы іерарх заклікаў кандыдатаў да канфірмацыі адкрыцца на Духа Святога і сем Ягоных дароў: мудрасцi, розуму, рады, мужнасцi, умеласцi, пабожнасцi i боязі Божай.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што ў сакрамэнце канфірмацыі чалавек адкрываецца на дзеянне Духа Святога, які робіць яго здольным да мужнага вызнавання сваёй веры і жыцця паводле яе прынцыпаў.
Па словах святара, праз прыняцце гэтага сакрамэнту чалавек прымае на сябе вялікую адказнасць – быць вучнем і сведкам Уваскрослага Хрыста і не саромецца прыналежнасці да Касцёла.
„Каб быць сведкам Хрыста, трэба ўзяць Яго Духа. Але дар Духа Святога мы прымаем не толькі для саміх сябе. Гэта асаблівы дар, які павінен нам дапамагчы і даць нам сілы менавіта для сведчання”, - сказаў святар, дадаўшы, што свету патрэбны людзі адважныя, якія пакажуць яму плёны Духа Святога.
„Трэба даць гэтаму свету любоў, якая вельмі часта ў наш час няправільна разумеецца і зводзіцца толькі да распусты і гвалту. Трэба таксама даць свету радасць і супакой, якога ў многіх маладых сэрцах і ў нашых сем’ях не хапае”, - адзначыў кс. Юрый Марціновіч.
Падыходзячы да біскупа, маладыя людзі і іншыя вернікі гродзенскай парафіі былі намашчаны алеем святога хрызма. Да кожнага біскуп скіраваў словы: “Прымі знак Духа Святога”.
Такім чынам яны ўзялі на сябе абавязак быць адважнымі вызнаўцамі сваёй веры і дазволілі запалаць у сабе Божай любові, каб занесці Добрую Навіну аб Езусе Хрысце іншым людзям, асабліва тым, хто далёка ад Касцёла.
На завяршэнне святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў тых, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, да штодзённага сведчання пра Уваскрасенне Хрыста.
„Дзякую Пану Богу за гэтую цудоўную моладзь, якая на першым месцы ў сваім жыцці ставіць Езуса Хрыста, які ёсць пачатак і крыніца ўсяго”, - сказаў іерарх.
Сакрамэнт канфірмацыі хрысціянін атрымлівае не толькі для сябе, але і для дабра іншых. Таму біскуп Кашкевіч адзначыў, што дар Духа Святога праз пасрэдніцтва тых, хто яго прыняў, павінен перамяняць людзей: наведаць іх, каб яны маглі спазнаць блізкасць Бога, які адорвае любоўю і надзеяй.
Кацярына Каракулька, якая ў гэты дзень прыняла сакрамэнт хрысціянскай сталасці, ад імя ўсіх падзякавала біскупу за тое, што ўмацаваў іх гэтым сакрамэнтам, і дадала, што яны прагнуць далей крочыць шляхам, які вызначае Езус Хрыстус. Падзякі былі кіраваны таксама да пробашча кс. Яна Этэля SCJ i іншых святароў, якія служаць у парафіі, за падрыхтоўку вернікаў да гэтай значнай у іх жыцці падзеі.
JM
Фота Баляслава Гавэцкага