23 красавіка ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылася велікодная сустрэча біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з працаўнікамі чыгункі.
У сустрэчы прынялі ўдзел чыгуначнікі са Свіслачы, Ваўкавыска, Парэчча, Ліды i Гродна. У спатканні таксама ўдзельнічаў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Ярослаў Ксёнжэк.
Сустрэча пачалася святой Імшой, падчас якой біскуп асаблівым чынам маліўся за ўсіх працаўнікоў чыгункі і іх сем'і.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч спаслаўся на тое, што Другая Велікодная нядзеля, пачынаючы з 2000 года, у паўсюдным Касцёле адзначаецца як Нядзеля Божай МІласэрнасці. "Варта, каб кожны з нас аддаў Езусу Міласэрнаму сваё жыццё, сям'ю, праблемы і грахі. Толькі ў такім выпадку Хрыстус зможа кіраваць нашым жыццём, а нам будзе лягчэй зразумець сэнс малітвы і пакуты, сэнс узаемнага служэння і шчырага прабачэння", - дадаў іерарх.
Ардынарый адзначыў, што актава Вялікадня з'яўляецца адпаведным часам, каб узнесці да Бога малітвы ў інтэнцыі супакою ў свеце, якога сёння так не хапае, бо ў шматлікіх краінах валадараць войны і тэрарызм, насілле і нянавісць, эксплуатацыя, несправядлівасць і падман.
"Няма супакою ў свеце, мала яго ў нашых сэрцах і сем'ях, у месцах навучання і працы, на вуліцах нашых гарадоў", - дадаў біскуп Кашкевіч.
Іерарх заахвоціў усіх прыняць сапраўдны супакой - супакой Хрыста, які выплыў з Яго прабітага Сэрца, як струмень міласэрнасці і прабачэння, як крыніца новага жыцця, якая разліваецца на ўсіх людзей.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў сабраным працаўнікам дзяржаўнай чыгункі за іх актыўнасць і ўклад, які яны ўносяць у свет, і заклікаў іх да штодзённага служэння, якое павінна быць бачным у іх месцах працы.
"Няхай вашая штодзённая праца будзе прыкладам ахвярнага служэння бліжнім, а вашыя сэрцы напаўняе радасць і задавальненне ад добра выкананай службы", - дадаў іерарх.
Пасля Імшы адбылася другая частка сутсрэчы. Працаўнікі чыгункі ўзгадвалі пра пачаткі ўзнікнення свайго душпастырства. Успаміналі і душпастыраў, якія прымалі актыўны ўдзел ў развіцці супольнасці і клапаціліся пра яе духоўны ўзрост.
Душпастырства чыгуначнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у Парэччы, дзе тады быў пробашчам а. Андрэй Шчупал CSsR.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Святлана Вярышка