22 красавіка ў парафіі Божага Цела ў Крамяніцы адбылася адпустовая ўрачыстасць. Духавенства і вернікі ўшанавалі св. Юрыя мучаніка, імя якога носіць касцёл.
Штогод на гэты адпуст збіраецца вялікая колькасць парафіянаў, якія праз заступніцтва свайго святога апякуна ўзносяць малітвы да Бога. Падобна было і мінулым разам. На ўрачыстай св. Імшы, якую ўзначаліў кс. пралат Антоній Філіпчык, сабраліся шматлікія вернікі. На заканчэнне ўрачыстасці яны прайшлі эўхарыстычнай працэсіяй вакол сваёй святыні.
Паводле падання, святы Юрый быў рымскім воінам, які паходзіў з Лідзіі і быў хрысціянінам. Каля 300 г. ён уступіў у войска цэзара Дыяклетыяна і дасягнуў вялікіх поспехаў у службе. Аднак з-за сваёй веры ў Хрыста быў арыштаваны і аддадзены на катаванні. Ён прыняў мучаніцкую смерць у Нікамедыі (па іншых звестках — у Кападокіі) паміж 304 і 305 гг. Паступова культ святога распаўсюдзіўся ва ўсім тагачасным хрысціянскім свеце.
З яго імем звязаная вельмі папулярная ў Сярэднявеччы легенда пра тое, як Юрый, калі быў рымскім афіцэрам, выратаваў дачку Кападоцкага цара, якую аддалі на разарванне цмоку. У гэты момант з’явіўся святы Юрый, які паразіў цмока дзідай і, скаванага ланцугамі, але яшчэ жывога, кінуў перад натоўпам. Ён паабяцаў забіць цмока, калі ўсе жыхары ахрысцяцца. Кароль і падданыя згадзіліся, і цмок быў забіты, а 1500 чалавек прынялі хрост.
Выява святога Юрыя, які паражае цмока, — адзін з самых папулярных сюжэтаў у іканапісе і сакральнай скульптуры.
JM