3-4 студзеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат з лідскай парафіі Святой Сям’і.
Рэкалекцыі праходзілі пад дэвізам “Мая сустрэча з Езусам і іншым чалавекам”. У іх прынялі ўдзел 20 дзяўчат. Асноўнай умовай удзелу было адмаўленне на час духоўных практыкаванняў ад мабільных тэлефонаў – іх трэба было пакінуць дома.
Арганізатары жадалі, каб дзяўчаты прысвяцілі гэты час выключна для Бога і іншага чалавека. Таму таксама было прапанавана адысці падчас дзён рэкалекцый ад усяго таго, што перашкаджае цішыні і магчымасці будавання адносін з іншым чалавекам.
Падчас рэкалекцый с. Елена Пляхімовіч CIM старалася наблізіць удзельніцам праўду аб тым, што Бог дае нам Сябе ў іншай асобе і вучыць прымаць іншых з любоўю і такімі, якія яны ёсць.
Манахіня звярнула ўвагу таксама на тое, што Бог вучыць нас любіць і прымаць саміх сябе, бо няма любові да бліжняга без любові да самога сябе.
Рэкалекцыі сталі і добрай нагодай да інтэграцыі дзяўчат з парафіі. Яны разам трывалі на малітве, рыхтавалі пасілкі і займаліся гаспадарчымі справамі.
Час рэкалекцый паказаў, што жаночая моладзь лідскай парафіі жадае вучыцца адно ад аднаго, усведамляючы, што кожны чалавек з’яўляецца для нас вялікім дарам Бога. Таксама ўдзельніцы маглі ўсвядоміць, што жыццё, якое дае Бог, прыгожае і трэба яго належным чынам выкарыстаць і пражыць, каб у будучыні быць кімсьці; што трэба будаваць добрыя адносіны з Хрыстом і з усімі людзьмі.
Кс. Юрый Марціновіч