27 лістапада ў слонімскім касцёле св. Андрэя адзначылі свята ў гонар заступніка парафіі. Урачыстасць сабрала шматлікіх вернікаў, якія накіроўвалі Богу малітвы ў інтэнцыі народу беларускай зямлі. Нездарма на пачатку набажэнства прысутныя спявалі беларускі рэлігійны гімн "Магутны Божа", які яшчэ ў пачатку 90-х гадоў разглядаўся як адзін з магчымых дзяржаўных гімнаў Беларусі.
На святочнай Імшы таксама прысутнічалі ганаровыя госці: дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзэф Станеўскі, які ўзначаліў урачыстасць, кіраўнік Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі, а таксама былы пробашч касцёла святога Андрэя айцец Вітальд.
Паводле "Слонімскай газеты"