Група парафіян з розных каталіцкіх парафій Лідчыны на чале з кс. Юрыем Бяганскім адправілася ў экскурсію па храмах Гродзеншчыны. Экскурсія была прысвечана 25-годдзю з дня заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.
Экскурсійная праграма была запланавана па маршруце Ліда - Жырмуны - Осава - Радунь - Забалаць - Першамайск - Новы Двор - Азёры - Гродна - Ішчална - Ліда. Усяго ў ходзе экскурсіі адбылося 12 сустрэч з пробашчам, парафіянамі і ўдзел у св. Імшы. Менавіта гэтыя сустрэчы спрыялі ўзрастанню духоўнага настрою ўсіх удзельнікаў.
Экскурсія пачалася каля сцен касцёла Адшукання Святога Крыжа ў Жырмунах, дзе кс. Юрый Барташэвіч распавёў пра гісторыю парафіі і аграгарадка. Затым вернікі адправіліся ў касцёл Святога Юрыя ў Осава. Мясцовы пробашч кс. Ян Пяцюн распавёў пра касцёл, яго гісторыю, традыцыі, паказаў Святую Крыніцу, вада з якой аздараўляе, і якую падчас юбілейных урачыстасцей асвяціў кс. бп. Аляксандр Кашкевіч. Хацелася б адзначыць яшчэ адну асаблівасць - музычнасць касцёла. Гаворка ідзе пра старадаўні арган, які сваімі сіламі аднавіў ксёндз канонік Ян Пяцюн, і дзякуючы якому праходзяць штогадовыя міжнародныя музычныя фестывалі.
Далей экскурсійная праграма пазнаёміла вернікаў з касцёлам Маці Божай Ружанцовай у Радуні. Паводле слоў пробшча парафіі, касцёл мае багатае мінулае: тут вернікі маглі памаліцца каля рэдкіх абразоў.
Касцёл Унебаўзяцця НПМ запомніўся як помнік драўлянага дойлідства.
Ацанілі ўдзельнікі экскурсіі і касцёл Святой Тройцы ў Ішчална, які з'яўляецца помнікам ХVIII стагоддзя. Парафія мае сваю цікавую славутасць - сонечны гадзіннік.
Афіцыйная сустрэча ў духоўнай семінарыі адбылася з ксяндзом-прэфектам Андрэем Лішко, які прывітаў і благаславіў удзельнікаў сустрэчы, а таксама падзяліўся досведам духоўна-асветніцкай працы, якую здзяйсняе Касцёл у нашай краіне. Таксама ўсіх уразіў змест семінарыйнай бібіліятэкі, прадстаўлены кнігамі на розных мовах ад іўрыту да іспанскай, італьянскай, нямецкай і іншых моваў.
Завяршылася сустрэча набажэнствам з удзелам кс. Юрыя Бяганскага ў гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі.
Надзея Мікановіч