Skip to main content

Каталіцкі Касцёл расчараваны: брытанскі Парламент узаконіў "стварэнне" дзяцей ад трох "бацькоў"

Джон Шэрынгтон, дапаможны біскуп Вэстмінстэра, заявіў, што ён "вельмі расчараваны", але "не здзіўлены" рашэннем Парламента ўзаконіць стварэнне чалавечага эмбрыёна з выкарыстаннем ДНК трох чалавек.

 

Біскуп падзяліўся сваімі меркаваннямі пасля паседжання Палаты лордаў, на якім было адобрана ліцэнзаванне ЭКА-працэдуры, у якой выкарыстоўваюцца трое "бацькоў" для стварэння эмбрыёна. Гэта зрабіла Брытанію першай краінай у свеце, якая згадзілася на гэта. Спрэчная працэдура нібыта павінна прадухіліць перадачу невылечных хваробаў ад маці да дзіцяці.

Каментуючы паўсталую сітуацыю, біскуп Джон Шэрынгтон удакладніў, што ён "вельмі расчараваны", але ў той жа час "не здзіўлены", таму што гэта рашэнне варта агульнай тэндэнцыі легалізацыі эксперыментаў над эмбрыёнам чалавека, якая распачалася ў Вялікабрытаніі шмат дзесяцігоддзяў назад.

Ён адзначыў, што ні адна іншая краіна не дазволіла праводзіць гэтую працэдуру, і многія медыцынскія эксперты ў іншых краінах маюць сур'ёзныя сумневы з гэтай нагоды: "Ёсць шмат навукоўцаў з розных дзяржаў, якія вельмі крытычна настроены што да гэтага галасавання і самой працэдуры".

На пытанне аб яго меркаванні наконт доўгатэрміновых наступствах вышэйузгаданай працэдуры, біскуп адказаў, што гэта азначае, што мы ўступаем на "вельмі небяспечную тэрыторыю", і ён занепакоены "перспектывамі грамадскага дабрабыту". Біскуп Шэрынгтон таксама падкрэсліў, што, з пункту гледжання этыкі, падобная практыка адкрывае дарогу "вельмі ўтылітарнаму погляду на эмбрыён чалавека".

Паводле Ватыканскага радыё