Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі з нагоды Сусветнага дня хворых наведаў шпіталь ў Лідзе

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, усталяваны Папам Янам Паўлам ІІ на 11 лютага, наведаў Цэнтральную раённую бальніцу ў Лідзe.

У шпіталі біскуп сустрэўся з медыцынскім персаналам і пацыентамі, а таксама цэлебраваў святую Імшу ў капліцы Маці Божай з Люрда на тэрыторыі Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы. Капліца была асвечана год таму, калі скончыліся будаўнічыя працы.

Падчас Імшы біскуп маліўся за ўсіх урачоў, медперсанал, фармацэўтаў, за ўсіх хворых людзей i за ўсе малітоўныя групы, якія існуюць пры гэтай капліцы.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на сімвалізм назвы, якую носіць капліца Маці Божай з Люрда. Люрд — месца аб’яўленняў Маці Божай. 11 лютага 1858 года каля пячоры Massabielle 14-гадовай Бернардэце Субіру аб’явілася Маці Божая, якая прадставілася: "Я — Беззаганнае Зачацце".

Сёння гэта месца, куды бесперапынна пілігрымуюць мільёны вернікаў, асабліва хворыя і церпячыя. Гаворачы пра капліцу ў лідскім шпіталі, іерарх адзначыў, што яна з’яўляецца "крыніцай сустрэчы чалавека з Богам".

Расказваючы пра цярпенне, якое забірае ў чалавека радасць, біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў усіх хворых, каб, нягледзячы ні на што, яны "не гублялі радасці і ніколі не падалі духам, але чэрпалі духоўныя сілы з сустрэчы з Богам".

Кажучы пра фармацэўтаў, іерарх адзначыў, што яны павінны даваць надзею хвораму і змагацца з пагаршэннем яго стану.

"На хворых людзях нельга зарабіць, таму лекі, якія прадаюцца, не павінны станавіцца крыніцай узбагачэння і нагодай для вялікага заробку і нажывы", — сказаў біскуп. Іерарх дадаў, што сучасны свет часта забываецца пра вартасць, якую мае час, праведзены ля ложка хворага:

"Чалавека паглынае прага поспеху, навала абавязкаў, штодзённыя справы, і праз усё гэта ён забывае пра вартасці бескарыслівай апекі над бліжнімі."

Біскуп звярнуў увагу, што задача чалавека — дапамагаць сваёй прысутнасцю несці крыж хворым і церпячым.

Капелан лідскай капліцы кс. Юрый Беганскі падзякаваў усім удзельнікам літургіі за малітоўную атмасферу, а біскупу Юзафу Станеўскаму — за супольную малітву і духоўны заклік маліцца за хворых і разам з хворымі.

Паводле Catholic.by