Skip to main content

Знойдзены сляды хрысціянскіх каранёў Саўдаўскай Аравіі

Высечаныя на скалах крыжы, а таксама імёны хрысціянскіх мучанікаў і біблійных асобаў знайшла ў пустыні на поўдні Саудаўскай Аравіі французска-саўдаўская група археолагаў. Яе кіраўнік — прафесар Фрэдэрык Імбэр з універсітэта Экс-Марсель, на прэс-канферэнцыі ў Бейруце сказаў, што археалагічныя знаходкі паходзяць з другой паловы V стагоддзя і сведчаць аб існаванні жывой хрысціянскай супольнасці на гэтых землях.

 

Адкрыццё было зробленае на скалах у гарах Джабаль-Каўкаб (Гара Зоркі) у паўднёва-заходняй правінцыі Наджран (уздоўж мяжы з Еменам). Гэты абшар носіць назву Бір-Хіма ці Абар-Хіма, а сам тэрмін «звязаны з паласою калодзежаў, вядомых яшчэ ў старажытнасці». Фпанцузскі навуковец выказаў меркаванне, што гэтая тэрыторыя магла служыць для стаянак з мэтаю забеспячэння вадою караванаў, якія вандравалі з Емена ў Наджран.

Паводле слоў прафесара, знойдзеныя крыжы — не адзіныя, вядомыя на тэрыторыі Паўднёвай і Усходняй Аравіі, але несумненна тое, што гэта "найстарэйшыя хрысціянскія крыжы, якія паходзяць прыкладна з 470 года".

Побач з імі экспедыця знайшла шматлікія тэксты, якія цягнуцца на адлегласці больш за кіламетр і маюць цэлую серыю імёнаў, запісаных на мове, якую можна назваць мясцовым варыянтам арамейскай. Археолаг адзначыў, што гэтыя надпісы зроблены "на даісламскай арабскай мове" або, калі казаць яшчэ дакладней, на "набатэйска-арабскай".

Надпісы з'явіліся ў перыяд Хім’ярыцкага царства Шарахбііла Яфура, якое панавала ў Паўднёвай Аравіі ў 470–475 гадах. У гэты час там пачаліся пераследаванні хрысціянаў. Сярод імёнаў, высечаных паміж крыжамі, знаходзяцца імёны Мартад і Рабі, якія ўключаны ў спіс мучанікаў з Наджрана ў т. зв. Кнізе Хім’ярытаў.

У сувязі з гэтым прафесар Імбэр згадаў, што напрыканцы ІІІ стагоддзя Паўднёвай Аравіяй валодала дынастыя Хім’ярытаў, панаванне якой працягвалася 150 гадоў. Яна захоўвала нейтралітэт паміж Візантыйскай і Персідскай імперыямі і ў якасці сваёй рэлігіі прыняла юдаізм. З IV стагоддзя там пачало пашырацца хрысціянства, "але толькі ў VI стагоддзі яно распаўсюдзілася ў раёне Персідскага заліва і ў прыбярэжных раёнах Емена і Наджрана".

Хрысціянскую веру там пашыралі персідскія місіянеры з дзяржавы Сасанідаў, якія былі прадстаўнікамі т. зв. дахалкідонскай плыні (яны адмаўлялі вучэнне пра боскую і чалавечую прыроду Езуса). Вядомыя імёны двух біскупаў з тых земляў, кансэкраваных у 485 і 519 гадах; французскі археолаг лічыць, што яны маглі належаць да сірыйскай супольнасці, якая, верагодна, паходзіла з Ірака.

Навуковец таксама звярнуў увагу на тое, што каля 470–475 гадоў Юсуф (Зу Нувас) захапіў хім’ярыцкі трон і загадаў забіць хрысціянаў з Наджрана, што пацвярджаюць розныя хрысціянскія крыніцы. Пра гэта ўзгадваецца таксама ў Каране, у 85-й суры («Сузор’і»). Хрысціяне, якія выжылі ў гэтым пераследаванні, звярнуліся да Калеба, цара Эфіопіі, з просьбаю прыслаць ім на дапамогу войска. Эфіопскія жаўнеры прыбылі туды і перамаглі Юсуфа, які ў выніку загінуў. На гэтым месцы запанавала хрысціянскае царства, якое заставалася пад апекаю цара Эфіопіі ажно да заваявання гэтых земляў ісламам у другой палове VII стагоддзя.

Прафесар Імбэр адзначыў, што знойдзеныя крыжы і надпісы — гэта "найстарэйшая кніга арабаў", запісаная "на скалах пустыні", гэта "карта гісторыі арабаў і хрысціянства".

Адкрыццё хрысціянскіх каранёў Саудаўскай Аравіі з'ўляецца нявыгадным для ўладаў гэтай краіны — "ахоўніцы святых месцаў ісламу: Меккі і Медыны", якая не дазваляе, каб на яе тэрыторыі існавалі якія-небудзь іншыя рэлігіі. Раней у падобных выпадках улады каралеўства сцвярджалі, што гутарка ідзе не пра раннехрысціянскія, а пра язычніцкія помнікі.

Паводле ave-maria.by