"Мой адказ Богу" - так гучыць заклік сёлетніх студзеньскіх сустрэч для юнакоў у Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, на якія сабралася моладзь з Ліды, Гродна, Ашмян, Смаргоні, Жодзішак і іншых мясцовасцей Гродзенскай вобласці.
Паводле галоўнага арганізатара рэкалекцыі, кс. Валерыя Быкоўскага, які з'яўляецца духоўным айцом у семінарыі, мэта гэтага мерапрыемства - "дапамагчы хлопцам распазнаць пакліканне, зрабіць выбар згодна з чым, чалавек будзе ўпэўнена крочыць у абраным жыццёвым кірунку: святарстве, сужанстве або самотнасці".
Асаблівую ўвагу арганізатары звярталі на тое, каб растлумачыць маладзёнам на чым засноўваецца малітва, як размаўляць з Богам. Асноўнымі пунктамі плану былі разважанні над Божым Словам, св. Імша, малітвы і сустрэчы.
У суботу, кс. Ян Раманоўскі прамовіў канферэнцыю, дзе паразважаў над біблійным разуменні любові да Бога і чалавека, а таксама над "асабістым адказам чалавека на Божую любоў".
У гэты ж дзень, рэктар Гродзенскай духоўнай семінарыі, кс. Раман Рачко падчас казання, заклікаў прысутных да поўнага даверу Богу, таму што "Ён, як бацькі ў сваіх дзецях, бачыць дасканала патэнцыял сваіх дзяцей і хоча, каб патэнцыял, Божыя дары, развіваць у атмасферы любові". Кс. Раман падзякаваў юнакам за тое, што яны служаць Госпаду пры алтары і адначасова заахвоціў іх адкрываць Божую любоў у Эўхарыстыі.