Грэка-каталіцкі храм св. Кузьмы і Дам'яна адкрыты для беларускіх пілігрымаў. 29 снежня 2014 г. групы маладых пілігрымаў з Беларусі (каля 1100 асобаў) даехалі да Прагі, каб узяць удзел у 37-ай Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай Супольнасцю Тэзэ.
Тэма сустрэчы, называнай “Пілігрымкай даверу” гучыць: “Стаць соллю зямлі”.
Сустрэча праходзіць у Празе з 29 снежня 2014 па 2 студзеня 2015 г. У гэты час у праграме прадбачаныя малітвы ў розных храмах цэнтра Прагі.
На пілігрымаў з Беларусі асабліва чакае грэка-каталіцкі храм св. Кузьмы і Дам’яна, які належыць Грэка-каталіцкаму экзархату Чэхіі і дзе рэгулярна праходзяць грэка-каталіцкія службы на чэскай і беларускай мовах.
“Стаць соллю зямлі” – 37-я Еўрапейская сустрэчы моладзі ў Празе. Гэты храм, пабудаваны ў XII ст., знаходзіцца на ўзгорку Na Slovanech, побач славянскага абацтва бенедыктынаў з XIV ст. (называнага Emauzy). Увесь гэты комплекс быў ад XІV ст. цэнтрам сустрэчы ўсходніх, заходніх ды паўднёвых славянаў у духу традыцыі святых Кірылы і Мятода. Дзейнічалі тут харвацкія манахі, якія служылі літургію заходняга (рымскага) абраду на стараславянскай мове (запісанай глаголіцай).
Гэты царкоўны комплекс існаваў у час дзейнасці ў Празе Францішка Скарыны і можна быць упэўненым, што беларускі першадрукар наведваў яго.
Сёлетняя сустрэча ў Празе прысвечаная тым краінам і месцам, дзе адбываюцца войны і канфлікты — Украіне і Блізкаму Ўсходу.
30 снежня ў рыма-каталіцкім катэдральным саборы святога Віта сабраліся сотні маладых хрысціянаў з Беларусі, Украіны і Польшчы. Менавіта гэтыя мовы сталі галоўнымі падчас малітвы за мір і супакой у краінах Усходняй Эўропы.
Паводле старонкі Святы Язэп