Да Марыі пад тытулам Беззаганная св. Ян Боска вельмі часта звяртаўся, даючы яе моладзі як прыклад чыстасці сэрца і ўзор цнатлівага жыцця. У салезіянскіх араторыях да ўрачыстасці 8-га снежня заўсёды асаблівым чынам рыхтаваліся і чакалі яе, бо ў гэты дзень, са слоў ксяндза Боска, Марыя чыніць сапраўдныя цуды.
Парафіяльная супольнасць г. Дзятлава ў свята Беззаганнага Зачацця Марыі сабралася ў родным касцёле. Па вялікай колькасці вернікаў, прысутных на літургіі, было яскрава відаць, як дзятлаўчане любяць Маці Божую. Пасля св. Імшы ўсе прысутныя працэсійна праз гарадскую плошчу з запаленымі свечкамі пайшлі на падворак араторыя, да гроты Беззаганнай Панны. Ціхі вечар напоўніўся таямнічым спевам сотняў галасоў, якія былі чутныя на розных вуліцах Дзятлава. Прыбыўшы да гроты, парафіяне разам маліліся да Маці Божай, просячы ўчыніць цуд у іх жыцці. Пасля набажэнства кожны прыходзіў да распаленага каля Марыі вогнішча і кідаў канверт з запісанай просьбай. Спаленне просьбаў ля скульптуры Багародзіцы – гэта даўняя салезіянская традыцыя, якую распачаў яшчэ св. Ян Боска. Спаленне – гэта сімвалічнае ахвяраванне просьбы Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Напрыканцы кс. Здзіслаў Пікула SDB звярнуўся да прысутных: “Не бойцеся прасіць! Марыя мае моц учыніць цуд у вашым жыцці! Патрэбна толькі вера, вера мацнейшая за сталь і камень!”.
Пасля малітвы ўсе парафіяне былі запрошаныя на традыцыйнае салезіянскае какао. Моладзь разам з бацькамі арганізавала салодкі стол, тым самым даючы магчымасць кожнаму выпіць кубачак гарачага напою.
Паводле sdb by