30 лістапада капліца Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай у Падзітве (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) адзначыла 180-годдзе. У святкаванні прыняў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Гэтая капліца невялікая, але мае сваю гісторыю. Яна знаходзіцца побач з беларуска-літоўскай мяжой, і раней, калі мяжы яшчэ не было, вернікі з Падзітвы і наваколля належалі да парафіі Эйшышкі ў Літве. Таксама яны да ўзнікнення межаў хавалі там на мясцовых могілках сваіх памерлых блізкіх.
Зараз іх аддзяліла мяжа, аднак капліца, у якой яны некалі маліліся, таксама кожную нядзелю і святы напоўнена вернікамі. Біскупу Аляксандру Кашкевічу гэтыя вернікі вельмі блізкія, а самі яны кажуць пра іерарха: «Гэта наш зямляк!» Парафія Эйшышкі, да якой раней адносілася капліца ў Падзітве — родная парафія гродзенскага ардынарыя.
На ўрачыстасці 180-годдзя з часу асвячэння капліцы прыбылі шматлікія вернікі, якім неабыякавы лёс гэтай святыні. У гэты дзень яны маліліся за фундатараў святыні, за тых, хто наведваў гэтую капліцу і паспрыяў таму, што яна надзвычай добра захавалася.
Парафіяне ўзгадалі таксама пра ўсіх святароў, якія маліліся разам з імі і ўдзялялі сакрамэнты, асабліва пра кс. Юзафа Ашкіловіча, які калісьці быў пробашчам у эйшышскай парафіі і прыклаў шмат намаганняў, каб гэтая капліца была адчыненай.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, які ўзначаліў Імшу, маліўся за ўсіх парафіян і жыхароў ваколіцы. У гаміліі гродзенскі ардынарый узгадаў, што «пачатак Адвэнту павінен быць для кожнага пачаткам навяртання», дадаўшы, што Касцёл у Беларусі распачынае Год навяртання. «Сёння навяртанне патрэбна кожнаму чалавеку. Нам трэба навярнуцца да Бога, бо менавіта Ён крыніца нашага збаўлення», — сказаў іерарх.
«Заклік да навяртання падкрэслівае неабходнасць глыбейшага практыкавання сакрамэнтальнага жыцця. Аднак гэта можа наступіць толькі тады, калі чалавек адкрые, наколькі вялікім багаццем з’яўляюцца святыя сакрамэнты, — адзначыў біскуп. — Год навяртання павінен дапамагчы нам лепш зразумець небяспеку граху і перажывацца намі як час навяртання, асабістага і супольнага аднаўлення праз спатканне з Хрыстом і ўмацавання на шляху веры. Гэта павінна весці нас да ўдзелу ў жыцці супольнасці, да таго, каб прасіць аб ласцы навяртання для нашых блізкіх і дапамагаць ім праз слова і сведчанне нашага хрысціянскага жыцця».
На заканчэнне Імшы вернікі падзякавалі біскупу за супольную малітву, паабяцаўшы памятаць у малітвах пра свайго земляка. У сваю чаргу іерарх з нагоды Года кансэкраванага жыцця, які пачаўся ў Касцёле, заахвоціў парафіян прасіць Бога аб новых працаўніках у сваім вінаградніку, а скарб, якім з’яўляецца вера, дбайна захоўваць і перадаваць наступным пакаленням.
Паводле Catholic.by