Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі Гродна «OPEN» 29 лістапада зладзіла вечарыну «Андрэйкі» перад Адвэнтам. Вечар, апошні перад пачаткам новага літургічнага года, які з’яўляецца падрыхтоўкай да святаў Божага Нараджэння, моладзь правяла на малітве і забаве. У вечарыне, якая прайшла пры пабрыгідскім касцёле ў Гродне, прымаў удзел душпастыр моладзі дыяцэзіі кс. Антоні Грэмза.
На пачатку сабраныя маліліся, каб найлепш падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння. Рыхтавацца да іх кожны павінен сам, а дапамагаць у падрыхтоўцы будуць далейшыя фармацыйныя сустрэчы ў межах душпастырства і рэкалекцыйныя навукі.
Пасля адбылася радасная вечарына, у якой былі спевы, конкурсы, забавы.
Вечарына спрыяла таму, каб прысутныя маглі адчуць сябе адной сям’ёй, разам цешыцца і забаўляцца, пры гэтым памятаючы, што Езус Хрыстус павінен быць у цэнтры чалавечай гісторыі і Яму належыць час і прастора.
Праграма вечарыны дапамагала моладзі разумець, што веруючыя людзі павінны шукаць адказаў наконт будучыні не ў варажбе, а ў асабістай размове з Богам; што на малітве вернік адкрывае тое, да чаго Бог яго запрашае, і ў свабодзе можа адказаць на гэтае запрашэнне; што жыццё — не збег выпадковых акалічнасцяў, а ў кожную хвіліну з чалавекам прысутнічае Бог, які вядзе сваімі шляхамі, таму не трэба баяцца будучыні, а з поўным даверам спадзявацца на Яго апеку.
Традыцыйна ў такіх сустрэчах, якія праходзяць у межах душпастырства «OPEN», прымаюць удзел студэнты з Нігерыі, якія вучацца ў гродзенскіх навучальных установах.
Паводле Catholic.by