Па – сяброўску шчырая, цёплая вечарына “Раство з беларускай паэзіяй”, напоўненая паэтычнымі радкамі, разважаннямі, эмоцыямі і перадсвяточным настроем, прайшла ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Мерапрыемства, арганізаванае каталіцкім парталам grodnensis.by, сабрала гарадзенцаў, ахвотных дакрануцца да ўзнёслага, прыгожага, добрага, мясцовых мастакоў паэтычнага слова, духоўных асобаў.
Вітаючы гасцей вечарыны, кс. бп Юзаф Станеўскі прыгадаў сабраным, што мерапрыемства супала з пачаткам Адвэнту – перыяду падрыхтоўкі да Калядных святаў і чакання на прыход Хрыста.
- Сённяшняя сустрэча дасць магчымасць прыблізіць людзям вялікую падзею, якой з’яўляецца нараджэнне Езуса Хрыста, не толькі з літургічнага боку, мы таксама зазірнем у паэтычныя радкі і даведаемся, якія маральныя арыенціры знаходзяць паэты ў хрысціянскай веры, у яе адвечных духоўных каштоўнасцях, што яны хочу сказаць Пану Богу, - сказаў кс. бп. Юзаф.
Іерарх таксама звярнуў увагу на тое, што падчас вечары гаворка пойдзе не толькі пра калядныя матывы ў творчасці беларускіх паэтаў, але і пра каштоўнасць мацярынства:
– Кажуць, што вера перадаецца з матчыным малаком. Менавіта маці ўводзіць нас у гэтую таямніцу, рыхтуе нас да вялікага дару – жыцця з Богам, менавіта матчыны рукі нас песцяць і галубяць, і ніхто ў свеце не будзе нас любіць так, як любіць маці, аб гэтым варта памятаць.
У сваю чаргу кс. Раман Рачко, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, выказаў спадзеў, што вечарына паспрыяе добраму перажыванню Адвэнту, дапаможа адкрыць сэрцы, а пачутыя паэтычныя радкі стануць імпульсам да разважання над ідэаламі дабра, любові і міласэрнасці, а таксама заахвоцяць прысутных знайсці больш часу для сябе, для сваёй душы.
Павітаў публіку таксама і прадстаўнік дзяржаўнай улады, В.А. Апановіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнік упраўлення па ўзаемаадносінах са СМІ, справах рэлігій і нацыянальнасцей.
Пасля прывітальных словаў перад гасцямі вечарыны выступілі гарадзенскія паэты, якія прачыталі свае вершы, прысвечаныя святу Раства Хрыстова.
Вершы былі прасякнуты не толькі калядным настрем, у іх таксама чытаўся малітоўна-паэтычны роздум на адвечныя і надзённыя тэмы.
Прысутныя таксама праслухалі цікавыя даклады: А.В. Руцкай, дацэнта кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, якая распавяла аб ролі сям’і ў станаўленні таленту, як Божага Дару, і С.М. Тарасавай, выкладчыка кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая выступіла з дакладам на тэму “Вобраз маці ў творах беларускіх паэтаў”.
У сваіх выступленнях дакладчыкі звярнулі ўвагу на тое, што такой разнастайнасці інтанацыйнага малюнку, якая ёсць ў вершах прысвечаных маці, не ведае ніводная іншая тэма. Беларускія паэты, звяртаючыся ў сваіх верашах да маці, абіраюць адмысловыя ракурсы, ім больш блізкі такі аспект выяўлення вобразу маці як маці-працаўніца, клапатлівая гаспадыня, чалавек, які праз сваю працу нясе дзіцяці адчуванне ўпэўненасці і заспакоенасці. Толькі маці можа па-сапраўднаму і так па-хрысціянску даць магчымасць сваім дзецям вырашаць свае праблемы, займацца сваёй працай.
Місія маці і сям’і бясспрэчна вельмі важная і адказная, паколькі маці дае дзіцяці адчуванне сябе як самадастатковай асобы, менавіта маці адыгрывае вялікую ролю ў пазнанні свету, у набыцці жыццёвага вопыту. Маці ўзвышаецца ў творчасці паэтаў да разумення святыні: маці як найвышэйшая і найсвяцейшая істота, а знявага да яе – самы страшны грэх. Гэтую думку некалі пацвердзіў Рыгор Барадулін. Паэт назваў адзін са сваіх зборнікаў “Евангелле ад мамы” – мацярынскую душу, яе мараль, яе каштоўнасці ён узвёў да ліку самых найвышэйшых жыццёвых прынцыпаў.
Вышэй узгаданыя даклады сталіся нагодай для дыскусіі на тэму праблем сучаснай сям’і, крызісу сямейных каштоўнасцей.
Цікавыя, але ў той жа час сумныя факты агучыла Алена Вітальеўна Руцкая. Яна распавяла, што яшчэ 30-40 гадоў назад бацькі размаўлялі са сваімі дзецьмі ў сярэднім па 4 гадзіны ў дзень, зараз на дыялог з дзіцём адводзіцца толькі 30 хвілін. – Унікальная інфармацыйная прастора, у якой мы зараз жывем, ніколі не зможа замяніць шчырай душэўнай размовы, - апелявала Алена Вітальеўна.
Падчас вечарыны гарадзенцы таксама пазнаёміліся з каляднымі паштоўкамі к. IXX - пач. XX з калекцыі Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ды праслухалі калядныя песні ў выкананні жаночага камернага хору Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Л.М.Іконнікавай.
Разынкай вечарыны стала прэзентацыя серыі аўтарскіх паштовак “Раство з беларускай паэзіяй”, віншавальныя паштоўкі былі створаны маладымі беларускімі графікамі-дызайнерамі.
- Слухаючы цікавыя даклады, а таксама вершы гарадзенскіх паэтаў, мы пераканаліся, наколькі багатая нашая духоўная спадчына, наколькі яна сцісла звязана з хрысціянскімі каштоўнасцямі. Валанцёры партала grodnensis.by вырашылі зрабіць гэтую спадчыну больш матэрыяльнай і стварылі адмысловыя паштоўкі аздобленыя выказваннямі на тэму таямніцы Божага нараджэння, - адзначыў кс. Юрый Жэгарын, дырэктар партала grodnensis.by.
Варта зазначыць, што калекцыянеры, як і звычайныя гарадзенцы, скарысталіся магчымасцю і не толькі набылі дызайнерскія паштоўкі, але пагасілі іх з дапамогай мастацкай пячаткі.
Паколькі адной з тэм вечарыны ў кантэксце Божага нараджэння з’яўлялася тэма каштоўнасці жыцця, была таксама прадстаўлена серыя кішэнных календароў “Палюбі жыццё”. Прэзентуючы яе, кс. Юры Жэгарын звярнуў увагу на тое, што валанцёры гарадзенскага каталіцкага партала хочуць данесці да гарадзенцаў і гасцей горада наколькі каштоўным дарам ёсць жыццё, і плануюць надрукаваць буклеты і білборды на тэму надзвычайнай вартасці і непарушнасці чалавечага жыцця. Госці вечарыны падтрымалі гэтую ініцыятыву складаючы дабравольныя ахвяраванні.
Вечарына “Раство з беларускай паэзіяй” скончылася ў нефармальнай абстаноўцы. Госці дзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемства за кубкам гарбаты ці кавы, а таксама абмяркоўвалі жыццёвыя пытанні на самыя розныя тэмы.
Гражына Шалкевіч