Каталікі з Гродзенскага м-на Альшанка, якія апошнія два гады спрабуюць знайсці адпаведны зямельны надзел пад будову касцёла, горадскія ўлады запрапанавалі новае месца. Але перад пачаткам будоўвы неабходна атрымаць дазвол прэзідэнта краіны.
Участак знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Ф. Багушэвіча і В. Караткевіча побач з лесам на ўскраіне Альшанкі. Гэта ўжо другое патэнцыйнае месца, якое горад прапануе вернікам. Узвядзенне святыні ў гэтам месцы прадугледжана праектам дэтальнага планавання раёна. Але зараз ўчастак выкарыстоўваецца пад ворныя землі. Глеба тут ўрадлівая, таму дазвол на будаўніцтва павінен падпісаць сам прэзідэнт, распавёў начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, Генадзь Таламанаў.
Спачатку каталіцкай супольнасці прапанавалі пад храм пустыр у былым пасёлку Фабрычным. Летам праект вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Па словах пробашча прыходу, кс. Паўла Салабуды, сотні вернікаў з усяго горада, у тым ліку з дадзенага мікрараёна, выказваліся "за" збудаванне касцёла ў гэтым месцы. Аднак некалькі жыхароў з дамоў, якія знаходзяцца побач з пустыром, выказалі супраціў, пісьмова звяртаючыся да ўладаў. Людзі паскардзіліся, што са з'яўленнем касцёла, гучанне званоў будзе парушаць іх спакой, а яшчэ ў раёне з'явіцца больш аўтамабіляў.
Зараз вернікі збіраюцца на набажэнствы на ўскрайку фабрычнага, побач з невялікай капліцай. Будынак паводле плану прызначаны на дэмантаж, з-за будаўніцтва шасціпалоснай дарогі, якая злучыць Альшанку з вуліцай Славінскага.
Паводле газеты Вячэрні Гродна