Skip to main content

Сужэнствы з Ліды і ваколіц прынялі ўдзел у "Днях духоўнага аднаўлення"

IMG 241925 кастрычніка сем’і з Ліды і ваколіц  мелі магчымасць паўдзельнічаць у "Днях духоўнага аднаўлення", які зладзіў рух Gloriosa Trinita, што дзейнічае пры парафіі Святой Сям'і. Больш за 200 чалавек прыехалі ў Германішкі, каб перажыць гэты час разам з Езусам і блізкім чалавекам, дзелячыся сваёй радасцю і сведчаннем веры.

Супольна перажываючы Эўхарыстыю, кс. Юзаф Ганьчыц, звяртаючыся падчас казання да маладых пар, закрануў праблематыку будавання адзінства ў сужанстве, падкрэсліваючы, што сучасны свет стварае вялікую колькасць пагроз, таму неабходным з'яўляецца прысутнасць блізкага чалавека і ўзаемны давер.

IMG 2465

"Варта часта ўзгадваць сужанскую прысягу, усведамляючы сабе, што вучыць яна ўзаемнай адказнасці. У сужанстве ёсць яшчэ адна асоба, акрамя сужанцаў - Бог. Без Яго дапамогі немагчыма захаваць сямейнага адзінства". Святар заклікаў сямейныя пары запрашаць Езуса ў сваё жыццё, бо толькі Ён гарантуе надзейнасць рэалізацыі сужанства. Кс. Юзаф таксама нагадаў пра неабходнасць удзелу сужанцаў у Эўхарыстыі і яе духоўную плённасць. 

IMG 2565

IMG 2445

Пасля завяршэння св. Імшы, адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту з разважаннямі. Удзельнікі рэкалекцый паўдзельнічалі ў рэкрэацыйна-інтэграцыйнай праграме і завершылі час духоўных практыкаванняў у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях, перад цудоўным абразом Божай Маці супольна молячыся на ружанцы.

 

Некаторыя удзельнікі духоўных сустрэч вырашылі падзяліліцца сваімі ўражаннямі з сустрэч:

Павел: Пазбягаў "намоленых" людзей, а сустрэў вясёлага святара і нармальныя сужэнствы. Неабходна ўкласці высілак, каб перамяніць "ваду ў віно". Буду старацца паставіць на надзейным фундаменце свой дом. 

Вольга: Перажыла найцудоўнейшы дзень з некалькіх апошніх гадоў нашага сужанства. Дзякую ўсім, хто стварыў такуб прыемную атмасферу.

Віктар: Дзякую за тое, што адкрыў відавочныя, але крыху забытыя рэчы, за прыгожыя вершы са Святога Пісання, якія цытаваў душпастыр.

Сяргей: Дзякую ўсіх, хто прымаў удзел, за тое, што паказалі нам, што ў кожным чалавеку ёсць прагненне Бога і любові. Мы не адны. У нас ёсць Бог і Яго план адносна нас.

Ірына і Арцём: Усяго толькі адзін момант можа змяніць нашае жыццё на 180 градусаў. Свядомыя таго, што цяпер мы не можам застацца на ўзроўні дня адновы, а ісці далей. 

Таццяна: Выяжджаю з надзеяй, збудаваная добрым прыкладам іншых людзей.