Skip to main content

Катэхеты Гродзенскай дыяцэзіі ўрачыста распачалі новы навучальны год

katechetyХутка праляцелі летнія канікулы і надыйшоў час навукі. З гэтае нагоды 22 верасня ў будынку Гродзенскай Біскупскай Курыі прайшла сустрэча выкладчыкаў катэхезы. На спатканне сабраліся законныя сёстры, святары, а таксама свецкія катэхеты з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі, каб разам паразважаць і задумацца над прадстаўленнем вучням Божай навукі.

На пачатку сутрэчы ўсіх сабраных прывітаў і азнаёміў з планам праграмы з’езду дырэктар Аддзела каталіцкага навучання і выхавання а. д-р Андрэй Шчупал CSsR. Пасля чаго нашай увазе была прадстаўлена паказальная катэхэза с. м-р Юліі Міхалюк AMBP.

Галоўным момантам нашай сустрэчы стаў рэферат кс. ліц. Максіма Бачарнікава SCJ “Як не страціць веру, ведучы катэхезу?” Святар прыгадаў асноўныя аспекты, якія неабходна памятаць пры падрыхтоўцы да заняткаў, а таксама 10 характарыстык добрага выкладчыка, сярод якіх хацелася б выдзяліць штодзённы аптымізм, адкрытасць сэрца, любоў да вучняў і малітву за іх. Рэферат выклікаў гарачую дыскусію, падчас якой катэхеты дзяліліся сваім вопытам, а таксама разважалі над праблемамі катэхізацыі і шукалі спосабы вырашэння.

Спатканне завяршылася ўрачыстай Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя Кс. Біскуп Аляксандр Кашкевіч. Падчас гаміліі, якую прамовіў кс. ліц. Максім Бачарнікаў SCJ, была падкрэслена тэма індывідуальнай паставы катэхеты і глыбокага паяднання з Хрыстом.

Напрыканцы ўсе атрымалі пастырскае благаслаўленне і шчырыя пажаданні вытрымкі і Божай дапамогі ў справе навучання Божым наказам дзяцей і моладзі.

Ілона Урбановіч