Skip to main content

XXV Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

Перад тым, як пачнем разважаць аб тым, што кажа нам сёння ў Евангеллі Хрыстос, хацелася б прыпомніць яшчэ раз аб неабходнасці малітвы да Духа Святога перад тым, як бярэм у рукі Святое Пісанне. Мы ведаем, што Біблія – гэта Словы Бога, які дае жыццё.

 

Пакуль я не паверу, што ў гэтым слове нашае жыццё, што праз гэтае слова Бог нанова мяне стварае – гэта Слова не стане маім, не зменіць майго жыцця. Просім Духа Святога, каб адкрываў перад намі святы тэкст, “бо Дух усё пранікае”, а таксама, каб адкрываў нас на Слова, каб чытаць яго ў святле нашай штодзённасці.

Што менавіта сёння да мяне кажа Пан, што трэба змяніць, на што звярнуць увагу, што яшчэ стаіць на перашкодзе ў маёй сувязі з Богам?

У сённяшняй прыпавесці пра працаўнікоў у вінаградніку, маю ўвагу прыцягнулі словы гаспадара дому: “Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры.”

Наш Бог добры і міласэрны, Ён шчодры для нас не таму, што мы заслугоўваем, але таму, што Ён нас любіць, дае кожнаму столькі, колькі патрабуе. Хрыстос не шкадуе сваёй ласкі для нас. А мы?

Як я гляджу на іншых, ці ж не зайздросным вокам? Ці ўмею радавацца за іншых, ці цешуся, калі і іншыя шчаслівыя?

Падзякуем Богу за Яго шчодрыя дары для нас і просім, каб і мы былі б шчодрымі для тых, хто побач.