Чым для мяне з'яўляецца крыж, на якім памёр Пан Езус? Памятаем пра тую прыгоду св. Паўла, калі ён навучаў грэкаў аб смерці і ўваскрашэнні Хрыста, як яны пакінулі яго і не хацелі слухаць, бо для іх гэта было нечым баечным (Дз 17,30-32). На працягу вякоў крыж Хрыста быў месцам спрэчак, прагненняў, але таксама і апраўданнем. Чаму так здараецца?
Можа таму, што непрыяцель чалавека так ненавідзіць і баіцца Крыжа? Мы чуем часта, што крыж - гэта знак любові Бога да нас людзей, і часта не разумеем, чаму Божая Любоў так выразілася.
Калі нам кажуць, што Пан Езус узяў крыж на свае плечы, каб ачысціць нас ад граху, мы часта недаацэньваем сэнс гэтых слоў і чынаў. Чым так сапраўды для мяне з'яўляецца крыж Езуса? Вельмі спадзяюся, што не толькі часткай біжутэрыі з не вельмі таннага металу, якую носім на шыі,. Дык чым жа з'яўляецца крыж для мяне?
Можа незразумелай Божай таямніцай? Думаем пра яе, але розум не хоча прыняць, бо хто адважыцца аддаць сваё жыццё за грэшніка, а тым больш за таго, хто пераследуе? Што самае дзіўнае, я сам, пішучы гэты тэкст, не ведаю, чым ёсць крыж Пана Езуса. Можна казаць шмат прыгожых слоў, вершаў, літаратурных твораў прысвяціць гэтай таямніцы, але і так гэта ўсё за мала.
Божа, як Ты прыгожы, калі на простым дрэве, аддаўшы жыццё за нас, адкрыўшы таямніцу свайго збаўлення ў вяках, прагнучы даць знак і сродак, які вядзе да прабачэння, мы, людзі, не здолеем зразумець, што кожнае Тваё слова, кожная Твая кропля крыві, кожная Твая рана, - гэта наша бяспечная дарога сярод іншых крыжоў, якія мы ставім самі сабе.
Мы хочам, Езу, заўсёды мець перад вачыма Твой Крыж, і карыстацца той шчодрасцю, якія Ён нам дае, як карысталіся Габрэі з крыжа, якога ўзвысілі на Твой наказ, ратуючыся ад затручвання няверы і бунту.
Таму, дарагі брат і сястра, вазьмі цяпер у рукі крыж. Можа той, што вісіць ў цябе на шыі, або паглядзі на крыж на сцяне, і шчыра, на колькі тваё чалавечае сэрца можа дазволіць, працянуўшы руку да Яго, аддай сваё жыццё Яму, з усімі цяжкасцямі, радасцямі, і нядоляй, і прымай асабліва ў гэты момант Яго Святога Духа.