Skip to main content

«Місіс Беларусь» з мужам прыме ўдзел у «Тыдні без абортаў» у Гомелі

misis_belarusПершая ў гісторыі краіны «Місіс Беларусь», 31-гадовая гамяльчанка Юлія Перагудава разам са сваім мужам Дзмітрыем будзе актыўна ўдзельнічаць у акцыях у рамках «Тыдня без абортаў», які ўпершыню пройдзе ў Гомелі 13-18 кастрычніка. 

Юлія Перагудава была абрана «Місіс Беларусь-2014» у траўні гэтага года. У сям'і Юліі і Дзмітрыя ўжо двое дзяцей. Самая прыгожая сямейная жанчына Беларусі ўбачыла сваё пакліканне ў барацьбе за захаванне новага жыцця і сама патэлефанавала ў грамадскае аб'яднанне «Выратаванне немаўлятаў», прапанаваўшы свае паслугі. - Мне вельмі балюча глядзець на дарослых жанчын, якіх некалі не спынілі ад абортаў. Цяпер яны спрабуюць нарадзіць, але беспаспяхова. Сутыкнуўшыся з многімі такімі жанчынамі, я зразумела, што мой абавязак - спыняць новае пакаленне ад абортаў, - тлумачыць Гомельскаму каталіцкаму парталу свае матывы Юлія. Яна гатовая ўдзельнічаць у акцыі любым чынам: раздаваць на вуліцы ўлёткі, гутарыць з цяжарнымі ў жаночых кансультацыях, а асабліва хоча пагаварыць з маладымі мужчынамі: 

- Калі яны адпраўляюць сваіх любімых на аборты, часта нават не ўсведамляюць, якога роду гэта будзе працэдура. А з дзяўчатамі планую таксама размаўляць пра тое, у чым розніца шлюбу афіцыйнага і грамадзянскага, і чым звычайна заканчваецца моднае сёння сужыццё. 

Дарэчы, з удзелам Юліі ў бліжэйшы час плануюць зняць відэаролік і падрыхтаваць білборд на тэму захавання жыцця.

Паводле katolik-gomel.by