Skip to main content

На месцы разабранай капліцы на дзевятоўцы адбылася апошняя св. Імша

dzewiatoukaУ нядзелю, а дванаццатай гадзіне, на месцы старой, амаль разбуранай капліцы на дзевятоўцы адбылася ўрачыстая св. Імша пад адкрытым небам. Яна была прымеркавана да 20-годдзя існавання парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля. Эўхарыстыю ўзначаліў кс. біскуп Юзаф Станеўскі. 

Вернікі парафіі дзякавалі Богу за магчымасць малітвы і за той будынак капліцы, ад якой застаўся ўжо толькі алтар і цагляны мур, але якая служыла парафіі 15 год. Падарункам для ўдзельнікаў гэтай Св. Імшы стала выдатнае прадстаўленне ў тэхніцы пескаграфіі. Майстар гэтай справы, Вераніка Паплаўская, паказала старонкі гісторыі парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля з дапамогай малюнкаў з пяску. Прыгожае музычнае суправаджэнне, святло і цішыня, - усё гэта стварыла выдатную атмасферу, якая дапамагла кожнаму гледачу спазнаць частку чагосьці святога і гістарычнага. Нават пробашч, ксёндз Дзмітрый, змог апрабаваць свае сілы ў маляванні на пяску.

Гэты дзень быў па-сапраўднаму цёплы: стаяла цудоўнае надвор'е, а сэрца лагодна сагравалі ўспаміны хростаў, шлюбаў і тых спатканняў з Хрыстом, якія адбыліся ў сценах старэнькай і малой капліцы ў парафіі на дзевятоўцы.

Валерыя Суруда