Сённяшняе слова з Евангелля добра нам вядомае. Мы неаднойчы чулі, што Пан Езус выбраў свайго вучня Пятра тым, на кім Ён хоча пабудаваць свой касцёл, даючы яму ключы ад Божага Валадарства. Але я хачу, каб мы звярнулі ўвагу вось на які вельмі важны момант.
Пан Езус, калі спытаўся ў апосталаў, кім лічаць яго людзі, пачуў розныя адказы. Адныя казалі, што прыйшоў Ілля, іншыя - Ірамія або хто-небудзь з прарокаў.
Пан Езус напрыканцы спытаўся ў сваіх вучняў, за каго яны яго лічаць? Як ведаем, слова забраў апостал Пётр, вызнаючы, што Езус - Сын Бога Жывога. Тады Пан Езус кажа Пётру: “Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах.” Што значаць гэтыя словы Пана Езуса?
Пётр напоўніўся Святым Духам, тыя словы, якія ён сказаў, не былі простым перакананнем Пятра. У супрацоўніцтве з Богам Айцом і Святым Духам ён узрастаў ў веры, а гэта быў працэс. На мінулым тыдні мы разважалі аб тым, як Пётр, падыйшоўшы па вадзе да Пана Езуса, спалохаўся навальніцы, і пачаў тануць, але Езус схапіў яго за руку, тады экзамен з веры быў правалены для Пятра. Сёння мы бачым, што любоў да Езуса ў сэрцы Пятра стала моцнай, ягоная адкрытасць на Бога ўчыніла тое, што Пан Езус пастанавіў даверыць яму кіраванне Касцёлам.
Для параўнання варта прыпомніць словы св. Паўла: “Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто пад уплывам Духа Божага не можа сказаць: «Праклён на Езуса!» І ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым” (1 Кар 12,3). Таму кожны з нас павінен пакорліва і ахвотна прасіць аб гэтым Бога. І цуды будуць здзяйсняцца!
Але Пётр яшчэ павінен быў прайсці школу Езуса. Ён не разумеў патрэбы цярпення Езуса, і меў вельмі чалавечую пазіцыю - бараніць Настаўніка ажно да смерці, а ў будучым - слёзы на вачах князя апосталаў, калі ён адрокся ад Езуса. Гэта яшчэ ўсё наперадзе, але Дух Святы ўжо дзейнічае, ўжо прыгатоўвае Пятра да важнай міссіі, якую яму даверыў Езус.
А ці я, будучы бацькам ці маці ў сям’і, святаром ці клерыкам, начальнікам ці простым земляробам, ці маю адкрытае сэрца на дзеянне Св. Духа? Дух Святы ўчыніў Пятра дасканалым вучнем Езуса, а ключы, якія даў яму Пан Езус, не былі згублены, яны штодня адчыняюць Неба праз Пятра нашых часоў. А фундамент, які быў збудаваны на скале Кэфас, не дае шанса брамам пякельным Яго перамагчы.