Skip to main content

На парафіяльны фэст у Забалаць завітаў біскуп Юзаф Станеўскі

img 876126 ліпеня, ва ўрачыстасць св. Ганны, у Забалаці адбыўся парафіяльны фэст. На свята сабраліся шматлікія вернікі з розных куткоў дэканату. Завітаў таксама кс. бп Юзаф Станеўскі, святары, якія паходзяць з гэтых зямель, і госці. Упрыгожываў урачыстасць цудоўны спеў парафіяльнага хору.

На пачатку св. Імшы пробашч кс. Генрых Яблонскі прывітаў біскупа цёплымі словамі, а таксама быў вельмі ўдзячны за магчымасць супольнай малітвы. Пробашч падкрэсліў, што св. Ганна з’яўляецца сапраўды вялікай святой менавіта таму, што яна была бабуляй Езуса Хрыста.

Урачыстую гамілію прамовіў Біскуп Юзаф Станеўскі. Ён заклікаў дзякаваць Богу за нашых бабуль і дзядуль, за бацькоў, дар веры, які яны стараліся нам перадаць. Біскуп падкрэсліў, што будучыня Касцёла залежыць ад моладзі. Заахвочваў, каб моладзь не пакідала сваіх бацькоў, каб у іхніх хатах ніколі не згасла святло.

Св. Імша скончылася малітвай да св. Анны пры Найсвяцейшым Сакрамэнце, пасля супольнай малітвы адбылася ўрачыстая працессія. Напрыканцы св. Імшы кс. біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў вернікам свайго біскупскага благаславенства. Пасля ўрачыстасці святар паблагаславіў аўтамабілі.

Св. Ганна, маліся за нас!

Вераніка Жаброўская