Калі хочаце сапраўды праверыць тэорыю Энштэйна наконт адноснасці, дык раю пайсці ў пілігрымку. Першыя дні змоўніцка цягнуцца і вельмі часта ўзнікаюць думкі, каб усё кінуць і паехаць дадому з-за цяжару, спякоты і болю ў нагах. Аднак, чым бліжэй сярэдзіны – тым больш час змяняе сваю хуткасць. За намі ўжо палова. І толькі цяпер разумееш, як хутка пілігрымка застаецца дзесці там, за табою. І ты проста пачынаеш жыць кожнай хвілінай, кожным крокам. Ты проста пачынаеш усімі магчымымі спосабамі затрымаць тое, што ўжо з усім імпэтам і не азіраючыся ляціць у Будслаў.
Мы прайшлі палову шляху. Раніца. Супольная служба. Як заўсёды найважнейшы момант не патрабуе шмат фотак. Усе ведаюць, што там адбываецца. Там пілігрымкі зрастаюцца душамі.
Сёння быў першы дзень без дажджу. Вецер цэлы дзень не дазваляў сонцу зрабіцца небяспечным для нас. Навокал палі, лясы і ўжо ўзгаданыя мною раней каровы. Шмат малітваў праслаўлення. Ногі працягваюць балець неймаверна. Мы ўзыходзім на вяршыню. Заўтра – з горкі.
Абед. А. Томаш і кампанія ні на хвіліну не апускаюць планку. 30 хвілін на паесці і зрабіць іншыя патрэбныя рэчы, пазней 30-хвілінная канферэнцыя. Пры гэтым кожная канферэнцыя заўсёды спалучаецца са сведчаннем святара, які яе праводзіць. Учора а. Тамаш распавядаў, як падчас малітвы заступніцтва над ім малілася 10 чалавек і яны ўсе самі заснулі ў св. Духу. Сёння пра тое, як яго маме ампутавалі 2\3 языка і яна далей размаўляе (што само па сабе цуд – пры такой ступені ампутацыі гэта немагчыма). Галоўнае ў канферэнцыях – Дух Святы. Распаленыя Ім, святары ўжо ні пра што іншае не могуць гаварыць.
Пасля абеду над нашай пілігрымкай група буслоў вучыла маладых лятаць. Гэта неверагоднае відовішча.
Сёння ночым у Чашніках. Тут мясцовы каталіцкі стандарт: парафія 30 чалавек, маленькая каплічка, будуецца касцёл. Прыемны пробашч, парафіяне гуртам прыгатавалі суп, салат, курыцу і рыс. Усё проста да піску смачнае. Запіваем кампотам з сушаных грушкаў і кіруемся ў будуючуюся святыню – сёння ночым тут.
Па дарозе ў лазню, кс. пробашч распавядае пра кляштар і касцёл Дамініканцаў у Чашніках і пра праваслаўную царкву пабудаваную ў тыя ж старыя часы за грошы католікаў, каб усе чуліся добра. Царква перажыла камуністаў, касцёл – не. “Калі Дух Святы нам благаслаўляе, то праз гадоў сто тут будзе нешта вялікае”, - кажа чашніцкі плябан. Няхай так станецца. Ідзем спаць. Заўтра чарговы дзень.
Арцём Ткачук
Вова разважае
Няхай ненавідзяць.
Усе будуць ненавідзець нас за імя Яго. Гэтыя словы - частка спадчыны нашага Госпада і я ведаю, што калі сапраўды буду ісці за Езусам, яны споўняцца.
Вось толькі праблема: не хачу, каб мяне ненавідзелі, а хачу каб любілі. Гэта маё моцнае ўнутранае жаданне. Яно натуральнае і ў якойсці меры добрае, аднак з’яўляецца крыніцай маёй крывадушнасці. Бо я ўвесь час хачу выглядаць лепш, чым ёсць.
Уладзімір Крупенка