Сёння Каталіцкі Касцёл перажывае ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Для абодвух святых Хрыстос быў усім: “Для мяне жыццё - гэта Хрыстос, а смерць - набытак” (Флп 1,17). Яны былі рознымі і ў паходжанні, і ў адукацыі, сацыяльнай прыналежнасці, і ў тэмпераменце і г.д. Але тое, што ўсё гэта перамагло – гэта жывая вера ў Хрыста, за якога яны аддалі сваё жыццё, каб іншыя пазналі Яго.
У Евангеллі Хрыстос задае пытанне вучням: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?”, а потым наступнае пытанне: ”А вы кім лічыце Мяне?” У адказ чуем словы Пятра: “Ты – Хрыстос, Сын Бога Жывога.”
Менавіта сёння да кожнага з нас Езус звяртаецца з такім жа пытаннем: “А вы кім лічыце Мяне?” Ці паўторым за апосталам Пятром: “Ты Хрыстос, наш Збаўца" ? Няхай кожны ў сваім сэрцы адкажа сабе і Богу на гэтае пытанне. Ці сваім жыццём і паводзінамі я пацвярджаю, што Езус - мой Бог? Калі так, то і Хрыстос скажа мне: “Шчаслівы ты, Сымоне...”
Езус звяртаецца да кожнага з нас па імені і кажа, што мы шчаслівыя, бо Айцец Нябесны адкрыў нам праўду аб нашым збаўленні. Сапраўднае шчасце можна знайсці толькі ў Богу і з Богам, калі Ён будзе ў цэнтры майго жыцця.
Толькі калі мы адчуваем сябе каханымі і кахаем - мы сапраўды шчаслівыя. І гэтага пачуцця ніхто і нішто нас не пазбавіць. Падзякуем Богу за Святога Айца Францішка і за ўвесь Касцёл, каб быў знакам сапраўднай любові Бога да чалавека і абвяшчаў усім радасць Евангелля.