Ужо амаль традыцыйна для нашай пілігрымкі св. Імша пачалася з 20-хвілінным спазненнем. Усё з-за таго, што раніцой мы ізноў самі гуртам рабілі снеданне. Пасля літургіі стандартны збор рэчаў і лукі з фігурай Яна Паўла ІІ перад касцёлам. Святыня ў Шуміліна асаблівым чынам прысвечана Маці Божай Фацімскай. Перад фігурай Марыі знаходзілася кніга, дзе можна было астаўляць свае просьбы і падзякі. Я таксама падпісаўся =)
Дарэчы, да нас далучыўся Вова. Таму сёння будуць і яго разважанні
Дзень пачаўся радасна. Не было ні дажджу, ні спёкі. Усё было ок. Бясконцае мора жартаў, шапка а. Томаша, усюдыісныя каровы і проста новы дзень. Хоць шчыра прызнаюся – у гэтым годзе мае ногі проста лузеры. Калі б не Маша-педыятр з Піцеру, было б цяжка.
Каровы. Стада бела-чорных прыгажунь з вялікім бюстам - гэта заўсёды аб’ект жартаў для пілігрымак. Такое пачуццё, што на Віцебшчыне каровы паўсюль. Цікава, але ў адрозненне ад іншых пілігрымак, тут ніхто не суцішвае калонкі і не асцярожнічае перад стадамі. Малочны край, карацей.
Сёння нас сустракала шмат людзей, пры гэтым традыцыйна былі накрытыя сталы і розныя мясцовыя стравы проста цяклі ракой. Даказана вопытам: усе стравы падчас пілігрымак смакуюць мінімум у два разы лепш, чым тыя ж падчас шэрых будняў.
Вову было проста не адцягнуць ад бліноў з грыбамі і капустай.
Замест 30 хвілінаў сну пасля абеду мы ізноў слухалі канферэнцыю. Усім раю. А. Шыман пра дзейнасць Духа Св. на прыкладзе свайго жыцця. Карацей адчуў ён Яго некалькі разоў. А пакуль што чакае і ўсім гэта раіць.
На пасляабедзеннай канферэнцыі не трэба ні сядзець, ні стаяць. Ляжачая пазіцыя для некаторых рабілася небяcпечнай.
Цікавы факт. У адной вёсцы, на адваротным баку азначэння мясцовасці было напісана: “З Богам!”. Пры гэтым з двух бакоў. Дробязь, а як заўсёды прыемна.
Апошнія км былі сапраўды цяжкія для ўсіх. На тое яна і пілігрымка. Асфальт Мікалаева (месца начлегу) некаторыя былі гатовыя проста цалаваць. Сочым па дамах людзей. Навокал лазні і лес. Віцебшчына ўсе-такі ўражвае. Усё тут па-іншаму.
Аднак стома дае сваё. Таму мы ідзём спаць. Заўтра пад’ём у 04.45.
Не сумуйце тыя, хто не змог пайсці. Усё будзе! А вось тыя, хто палянаваўся – шкадуйце. Тут крута.
25% пілігрымкі ўжо за намі.
Арцём Ткачук
Вова разважае
Восьмы раз у пілігрымцы – гэта не жарт. Гэта я ужо ведаю, як можа быць і не можа. Але адчуваю, што трэба адчыніцца на божую навізну. Калі любіш камфорт, то няма месца гэтай навізне. Калі не выйдзеш насустрач сваім страхам – таксама. Наступствы прыхода божай навізны - прыгоды з Панам, рэчы, якія не заставяць мяне абыякавым, тое, што адкажа на частку маіх пытанняў.
Калі па-простаму: навізна прыходзіць, калі дазваляеш усім цябе чапляць. «Прынясі, паднясі, падай, памый» - і ў адказ «так». І калі за ўсё без выключэння дзякуеш.
Уладзімір Крупенка