"Невядомае заўсёды палохае і прыцягвае. Чалавек баіцца, але разам з тым жаданне ажыццявіць гэтае “невядомае” альбо стаць часткай яго авалодвае ўсё больш і больш – думкі не даюць спакою…" Аб сваіх уражаннях распавядае ўдзельніца малітоўнай сустрэчы Тэзэ ў Страсбургу Эмілія Комар.
Што такое Тэзэ ведала толькі са слоў знаёмых, маўляў, цікава, пазнавальна і дае магчымасць зрабіць яшчэ адзін крок да Бога. Таму калі прапанавалі ў гэтым годзе зрабіць гэты крок самой, то напачатку было і развагаў, хістанняў… Не, не таму, што крочыць не хочацца, але проста нязвыкла гэта, нова, нязведана.
Тое, куды мы трапілі – гэта казачны горад, багаты знешне – архітэктура захапляе, багаты ўнутрана – а мы паспелі спазнаць толькі часцінку, багаты на добразычлівых ды адкрытых людзей. Страсбург захапіў, уразіў і пакінуў шмат успамінаў. Не, не ў карце памяці фотаапарата, але ў думках, сэрцы. Месца, куды хочацца вярнуцца.
Столькі людзей, сабраных разам у адным месцы мне не даводзілася сустракаць. Мы маліліся разам. Безліч людзей розных узростаў, поглядаў, веравызнанняў – разам. У малітвах, песнях, здавалася часам нават – у думках. Разам мы і вячэралі. Дзясяткі тысяч чалавек у некалькіх вялікіх будынінах частаваліся тым, пра што так добра паклапаціліся арганізатары. Гэта, дарэчы, асобная тэма. Бо ўзровень арганізацыі быў высокі: ўсё прадумана, спланавана.
На вуліцах горада, у касцёлах, крамах і турыстычных месцах – паўсюль – шпацыравалі людзі з картамі “Тэзэ”. Столькі моў, столькі колераў! Гэта неверагодна! Здаецца, паломнікі літаральна запоўнілі гарадскую прастору.
Уразілі і людзі! Тыя прадстаўнікі французскай нацыі, з якімі давялося сутыкнуцца – гэта шчырыя, усмешлівыя і неверагодна ветлівыя людзі. І на вуліцах мінакі нам дапамагалі, у крамах, у транспарце. За іх хацелася, хочацца маліцца!
Было шмат цікавага, пра што распавядаць можна ні на адной старонцы. Штосьці захапіла, штосьці кранула, уразіла, зачаравала – безліч самых розных эмоцый! Але зараз гэта словы, успаміны. Лепш параю ў наступным годзе далучыцца да Тэзэ тым, хто хоча і баіцца, хто вагаецца, мае сумневы. Далучыцца тым, хто хоча насамрэч спазнаць асалоду і карысць агульнай малітвы, зрабіць крок насустрач Богу і стаць часцінкай вялікай хрысціянскай супольнасці!
Эмілія Комар